Пошук

Ядзерныя выпрабаванні. Ілюстрацыйнае фота Ядзерныя выпрабаванні. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар у ААН пра забарону ядзерных выпрабаванняў

Кожны наступны год без уступлення ў сілу Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў з’яўляецца напамінам аб тым, што абяцанні і надзеі, ім прынесеныя, яшчэ павінны стаць рэальнасцю.

Аб гэтым на 74-й Сесіі Генеральнай Асамблеі ААН заявіў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. У дзяржаў, якія яшчэ не ратыфікавалі дакумент, ёсць магчымасць прадэманстраваць мудрасць, смеласць і прыхільнасць міру і агульнаму дабру ўсіх, - заўважыў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

“Ядзерная зброя прапануе ілжывае пачуццё бяспекі. Неспакойны мір, абяцаны ядзерным стрымліваннем, раз-пораз зноў аказваўся ілюзорным. Ядзерная зброя не можа стварыць стабільнага і бяспечнага свету. Трывалы мір і міжнародная бяспека не могуць быць заснаваны на ўзаемнай гарантыі знішчэння або на пагрозе знішчэння”, - агучыў пазіцыю Святога Пасаду кардынал Паралін.

Папа неаднойчы падкрэсліваў, што ядзерная эскалацыя маральна непрымальная: ядзернае стрымліванне і пагроза ўзаемнай гарантыі знішчэння не могуць быць асновай для этыкі братэрства і мірнага суіснавання; ядзерная зброя аказвае катастрафічнае гуманітарнае і экалагічнае ўздзеяння; існуе рызыка выпадковага ўзрыву ў выніку памылак любога роду. Апрача таго, ядзерныя выпрабаванні прадугледжваюць значны і бескантрольны выкід радыеактыўных матэрыялаў непасрэдна ў навакольнае асяроддзе.

“Мір такога кшталту, які грунтуецца на раўнавазе сіл, з пагрозамі і супрацьдзеяннямі, і ў канчатковым выніку на страху – гэта нестабільны і ілжывы мір. Каб адэкватна рэагаваць на праблемы ХХІ стагоддзя, важна замяніць гэтую логіку страху і недаверу на этыку адказнасці, а значыць, стварыць атмасферу даверу, якая шануе шматбаковы дыялог шляхам паслядоўнага і адказнага супрацоўніцтва паміж усімі членамі міжнароднай супольнасці”, - такую стратэгію прапануе Святы Пасад.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 верасня 2019, 12:48