Пошук

Папа да ААН: чалавецтва апынулася перад экалагічным выклікам

Папа прапанаваў тры рысы, якія павінны характарызаваць саміт ААН па кліматычных зменах – сумленнасць, мужнасць і адказнасць. 23 верасня 2019 г. Францішак накіраваў відэа-зварот да ўдзельнікаў форума.

Пантыфік нагадаў, што, падпісаннем у 2015 г. гістарычнага Парыжскага пагаднення па клімаце, міжнародная супольнасць засведчыла неабходнасць калектыўных намаганняў на карысць будучыні планеты. Аднак праз чатыры гады бачна, што абавязацельствы, прынятыя дзяржавамі, застаюцца далёкімі ад рэалізацыі.

“Нароўні з шматлікімі ініцыятывамі не толькі ўрадаў, але і ўсёй грамадзянскай супольнасці, трэба спытаць сябе аб тым, ці ёсць палітычная воля накіраваць больш чалавечых, фінансавых і тэхналагічных рэсурсаў на змякчэнне неспрыяльных наступстваў змянення клімату, на дапамогу бедным і самым уразлівым, якія найбольш пакутуюць ад гэтых наступстваў”, - звярнуўся Папа да кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, якія ўдзельнічаюць у 74-й Генеральнай Асамблеі ААН.

У гэтым кантэксце Францішак адзначыў, што хоць сітуацыя і не спрыяльная, “акно магчымасцей застаецца адкрытым” і ў чалавецтва яшчэ ёсць час гарантаваць лепшае жыццё наступным пакаленням. “Будучыня належыць ім, а не нам”, - падкрэсліў Папа.

“Мы павінны з сумленнасцю, адказнасцю і смеласцю паставіць свой розум на служэнне іншаму тыпу прагрэсу, больш здароваму, больш гуманнаму, больш сацыяльнаму і цэласнаму, здольнаму забяспечыць эканоміку, што служыць чалавеку, будуе мір і абараняе навакольнае асяроддзе”, - лічыць Пантыфік.

На думку Францішка, дэградацыя навакольнага асяроддзя звязана з сацыяльным і маральным заняпадам, што абавязвае да разважання над сэнсам сучасных спажывецкіх і вытворчых мадэляў і працэсамі выхавання і павышэння адчувальнасці.

Папа перакананы, што чалавецтва сёння апынулася перад цывілізацыйным выклікам. Рашэнні могуць быць рознымі, але кожнае з іх павінна суправаджацца, як на асабістым, так і грамадскім узроўнях, сумленнасцю, мужнасцю і адказнасцю, - перакананы Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 верасня 2019, 11:51