Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар у ААН: цэласная экалогія і адказны падыход да лесу

Выступаючы на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, Дзяржсакратар Яго Святасці спаслаўся на Сінод Біскупаў па Амазоніі і нагадаў, наколькі важныя лясы для планеты і для будучыні чалавецтва.

Кардынал Пьетра Паралін агучыў пазіцыю Святога Пасаду: мы павінны дзейнічаць неадкладна, каб абараніць прыродныя тэрыторыі, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі, і тых, хто там жыве. Крызіс, які вынікае з “хуткага знішчэння нашых лясоў, асабліва дажджавых лясоў, мае не толькі экалагічны, але і сацыяльны і, перш за ўсё, этычны характар”, - заявіў ён.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, наколькі важныя лясы для сёння і заўтра Зямлі: “яны – самы надзейны аднаўляльны рэсурс у свеце, неабходны для цэласнага развіцця чалавека”. Але ва ўмовах усё большай урбанізацыі іх значэнне недаацэньваецца; яны ўспрымаюцца проста як рэсурс для эксплуатавання. У такой сітуацыі задача аховы становіцца яшчэ больш актуальнай.

“Нам патрэбна цэласная экалогія”, “збалансаванае адказнае выкарыстанне лясоў для эканамічнага і сацыяльнага развіцця, з іх абаронай і захаваннем на карысць тых, хто ад іх залежыць, на карысць чалавецтва і будучых пакаленняў”, - падкрэсліў высокі прадстаўнік Святога Пасаду. Ён рэкамендаваў прымаць рашэнні па паляпшэнні кіравання лясамі з удзелам тых, чые правы і каштоўнасці будуць закрануты найбольш.

Кардынал Паралін нагадаў, што 2 кастрычніка ў Ватыкане адкрываецца Сінод Біскупаў, прысвечаны Амазоніі і галоўным касцёльна-душпастырскім праблемам рэгіёну, з асаблівай увагай да карэнных народаў.

Іерарх спаслаўся на прамову Папы падчас нядаўняга візіту на Мадагаскар, краіну, якая з 2001 г. страціла 21% сваіх лясоў: не можа быць рэальнага экалагічнага падыходу або канкрэтных дзеянняў па ахове навакольнага асяроддзя без сацыяльнай справядлівасці, якая гарантуе права на агульнае прызначэнне зямных рэсурсаў для цяперашніх пакаленняў, але і для будучых.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 верасня 2019, 13:57