Пантыфік: ежа – гэта сродак для жыцця, а не прадукт камерцыі
Францішак заўважыў, што сёння “ежа перастае быць сродкам для існавання і ператвараецца ў канал асабістага знішчэння”: 820 мільёнаў людзей у свеце пакутуюць ад голаду, а амаль 700 мільёнаў іншых – гэта ахвяры няправільных дыетычных звычак. Па прычыне няправільнага харчавання ў людзей развіваюцца паталогіі: дыябет, сардэчна-сасудзістыя захворванні, анарэксія і булімія.
Гэта ўсё, падкрэсліў Пантыфік, “патрабуе змен у нашым спосабе жыцця і дзеянняў, дзе харчаванне ўяўляе сабой важны адпраўны пункт”. На яго думку, неабходна выпрацоўваць “лад жыцця, натхнёны падзякай за атрыманыя дары” і падтрымліваць умеранасць, устрыманне, самакантроль і салідарнасць. Патрэбна “больш простае і цвярозае жыццё” і клопат пра тых, хто вакол нас.
Пантыфік звярнуў увагу на галоўную ролю сям’і ў пашырэнні здаровага ладу жыцця. Менавіта ў ёй можна навучыцца атрымліваць асалоду ад пладоў зямлі, не злоўжываючы імі.
Барацьба з голадам і недаяданнем не скончыцца да таго часу, пакуль пераважае логіка рынку, а прыбытак здабываецца любой цаной, у выніку чаго ежа застаецца камерцыйным прадуктам, які падлягае фінансавым спекуляцыям і мала ўлічвае культурнае, сацыяльнае і па-сапраўднаму сімвалічнае значэнне, - падкрэсліў Францішак у пасланні да кіраўніка Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных нацый.