Спадчыннік брытанскага трона пра кардынала Ньюмэна
Чарльз быў адным з ганаровых гасцей на ватыканскай кананізацыі пяці благаслаўлёных. З нагоды абвяшчэння святым англійскага кардынала Джона Генры Ньюмэна спецыяльна для ватыканскай газеты ён напісаў артыкул, у якім падкрэсліў, што гаворка ідзе пра першую кананізацыю брытанца за больш чым сорак апошніх гадоў, і гэта – прычына для радасці “не толькі ў Злучаным Каралеўстве і не толькі для католікаў, але для ўсіх, каму блізкія каштоўнасці, якія натхнялі новага святога”.
Ньюмэн – піша прынц Чарльз – “быў выразнікам жыцця ў духу супраціву сілам, якія абясцэньваюць годнасць і наканаванне чалавека”. Ён “умеў бараніць, не абвінавачваючы, быць нязгодным, не губляючы павагі”, а таксама “ў адрозненнях умеў бачыць прастору сустрэчы, а не адмовы”.
Аўтар артыкула называе кардынала адным з найвялікшых тэолагаў ХХ стагоддзя, у першую чаргу таму, што ён “выкарыстаў свой інтэлект для адказу на адно з самых надзённых пытанняў нашай эры: якімі павінны быць адносіны паміж верай і эпохай скепсісу і секулярызму?”.
“Якімі б ні былі нашы вераванні, якой бы ні была наша традыцыя, мы не можам не быць удзячныя Ньюмэну за дары, укаранёныя ў яго каталіцкай веры, якімі ён дзяліўся з грамадствам”, - сцвярджае прынц Чарльз. Ньюмэн “паклаў пачатак адкрытай дыскусіі паміж католікамі і іншымі хрысціянамі, пракладваючы шлях для далейшага экуменічнага дыялогу”.
“І мы, католікі і не толькі, з тым жа самым духам, унутры шматвяковай традыцыі хрысціянскага Касцёла, можам асягнуць адзіную перспектыву, тую асаблівую мудрасць і тое разуменне, якія гэтая выключная душа прыўнесла ў наш універсальны досвед. Мы можам чэрпаць натхненне з яго твораў і з яго жыцця, прызнаючы разам з тым, што, як і любое чалавечая жыццё, яно было непазбежна недасканалым. Сам Ньюмэн усведамляў свае недахопы, прызнаваў сваю ганарыстасць і абарончую пазіцыю, што не было на вышыні яго ідэалаў, - але, па сутнасці, яны толькі зрабілі яго яшчэ больш удзячным Божай міласэрнасці”, - напісаў спадчыннік брытанскай кароны ў спецыяльным артыкуле для ватыканскай газеты.