Святы Пасад у ААН пра бяспеку на зямлі і парадак у космасе
Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН прыняў удзел у чарговых пасяджэннях 74-й сесіі Арганізацыі ў Нью-Ёрку, на адным з якіх, 31 кастрычніка 2019 г., абмяркоўваліся праекты дакументаў аб папярэджанні злачынстваў супраць чалавецтва, на другім, 1 лістапада 2019 г., – вялася дыскусія па праблеме выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах.
Рэагуючы на справаздачу Камісіі па міжнародным праве, іерарх адзначыў, што дэлегацыя Святога Пасаду ўхваляе прапанову па распрацоўцы Міжнароднай канвенцыі па барацьбе са злачынствамі супраць чалавечнасці.
Асабліва ватыканскі дыпламат вылучыў праект артыкула №5, які датычыць прынцыпу невыдварэння, адзначыўшы, што “ніводная асоба не павінна быць вернута ў месца, дзе яна падвяргалася злачынствам супраць чалавечнасці. Бежанцаў і мігрантаў, якія ратуюцца ад пераследу, трэба прымаць, абараняць, дапамагаць і інтэграваць”.
Паколькі праца над праектам Канвенцыі яшчэ працягваецца, арцыбіскуп Ауса выступіў з прапановай падчас распрацоўкі дакумента ўлічваць дзве прынцыпова важныя ўмовы. Па-першае, новая Канвенцыя павінна даваць усім людзям, асабліва тым, каму пагражаюць злачынствы такога характару, магчымасць дабівацца справядлівасці і быць пачутымі на міжнародным узроўні. Па-другое, дакумент павінен прадугледжваць неабходнасць аказання дапамогі дзяржавам з няўстойлівай або слабой сістэмай бяспекі, у прыватнасці, у тым, што датычыць абароны расавых, этнічных і рэлігійных меншасцей.
На пасяджэнні, прысвечаным праблеме мірнага выкарыстання касмічнай прасторы, іерарх надаў асаблівую ўвагу пытанню ўтылізацыі касмічнага смецця, якое становіцца сур’ёзнай пагрозай для спадарожнікаў.
Акрамя таго, ён нагадаў, што ў бліжэйшыя дзесяць гадоў чакаецца павелічэнне ў геаметрычнай прагрэсіі колькасці спадарожнікаў на касмічнай арбіце. У сувязі з гэтым, заўважыў іерарх, дэлегацыя Святога Пасаду падтрымлівае намаганні дзяржаў-партнёраў па МКС па распрацоўцы “міжнародных аператыўных стандартаў” для апаратаў сувязі, экалагічнага кантролю і жыццезабеспячэння, а таксама інтарэс міжнароднай супольнасці да ўзгаднення “правілаў дарожнага руху” у касмічнай прасторы, каб звесці да мінімуму магчымасць сутыкнення спадарожнікаў.