Ватыканскі кардынал: бацькі маюць права выхоўваць сваіх дзяцей
Такім чынам ён падтрымаў пазіцыю іспанскага епіскапата, каталіцкіх школ і бацькоў адносна заявы іспанскага міністра адукацыі, якая аспрэчвае гэта права. Ізабэль Селаа падчас Кангрэсу каталіцкіх школ, у якім прымала ўдзел больш за 2000 чалавек з усёй краіны, заявіла, што “ні пры якіх абставінах не можна казаць, што права бацькоў на выбар рэлігійнага навучання або адукацыйнага цэнтра з’яўляецца часткай свабоды адукацыі”.
Словы міністра выклікалі пратэсты ў зале. Іспанская біскупская канферэнцыя, прадстаўнікі каталіцкіх школ і бацькоўскіх аб’яднанняў адразу нагадалі, што такое права гарантавана 27-м пунктам Канстытуцыі. Шмат якія настаўнікі і бацькі падазраюць, што калі новы ўрад будзе сфарміраваны сацыялістамі і партыяй Падэмос, дні каталіцкіх школ злічаны.
У абарону права бацькоў на выхаванне дзяцей выступіў кардынал Фернанда Філоні. “Ніхто не можа ўзурпаваць гэты абавязак ці права, якое адміністрацыя павінна ахоўваць”, - сказаў ён, цытуючы заяву кардынала Карласа Асора Сьеры, арцыбіскупа Мадрыда.
Прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў прыняў удзел у міжнародным кангрэсе “Закон у місіі Касцёла”, арганізаваны Універсітэтам св. Дамаса, дзе выступіў за “права жыць у міры і вызнаваць сваю веру, права на адукацыю і годнае жыццё”. Гэта “асноўныя правы кожнага грамадства”, - падкрэсліў кардынал Фернанда Філоні.