Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Высокі ватыканскі дыпламат з афіцыйным візітам у Арменіі

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі 9 лістапада 2019 г. здзяйсняе афіцыйны візіт у Арменію. Ён пачаўся сустрэчай з прэм’ер-міністрам краіны Ніколам Пашынянам.

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер наведаў Музей генацыду армян. “Няхай Божая міласэрнасць падорыць вечны спакой тым, хто страціў жыццё і дапаможа аднавіць справядлівасць і павагу ў чалавечых адносінах на карысць лепшага свету. Няхай Бог суцешыць нашчадкаў ахвяр і іх сем’і і благаславіць увесь армянскі народ”, - напісаў ён у памятнай кнізе Музея.

Затым ватыканская дэлегацыя наведала Міністэрства замежных спраў Арменіі. Там адбылася размова арцыбіскупа Галахера з Зохрабам Мнацаканянам. Напрыканцы сустрэчы абодва прадстаўнікі выступілі з заявай у прэсе.

Афіцыйны візіт прадугледжвае таксама сустрэчы з Прэзідэнтам Арменіі Армэнам Саркісянам і Каталікосам усіх армян Гарэгінам II. Вечарам Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі ўзначаліць св. Імшу ў касцёле Святых Мучанікаў, пасля якой адбудзецца святочная вячэра з удзелам духавенства і семінарыстаў дыяцэзіяльнай семінарыі Святых Арханёлаў, створанай год таму.

“Я ўжо пабываў у іншых краінах Каўказа і мне падалося правільным здзейсніць гэты візіт, каб замацаваць выдатныя адносіны паміж Арменіяй і Апостальскай Сталіцай, сустрэчай да Каталікоса падкрэсліць экуменічнае вымярэнне, падтрымаць і заахвоціць нашу сціплую армянскую каталіцкую супольнасць”, - сказаў арцыбіскуп Галахер, назваўшы свой візіт як дыпламатычным, так і касцёльным.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 лістапада 2019, 11:54