Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Манеты з фантана Трэві ўсё ж пойдуць на Caritas

Манеты, якія турысты кідаюць у рымскі фантан Трэві, будуць па-ранейшаму накіроўвацца на ініцыятывы, якія ажыццяўляюцца каталіцкай дабрачыннай арганізацыяй “Caritas”.

Спасылаючыся на інфармацыю ўладаў італьянскай сталіцы выданне “Il Messaggero” паведаміла, што адпаведны кантракт быў заключаны на бліжэйшыя два гады. Адзначаецца, што дамова была падпісана на пачатку снежня, у той час як тэрмін дзеяння папярэдняй завяршыўся напрыканцы сакавіка.

Фантан Трэві – гэта адзін з самых наведвальных і самых вядомых помнікаў Рыма. Многія турысты, якія прыходзяць сюды, кідаюць у ваду манеты, што павінна забяспечыць іх вяртанне ў Рым. Манеты рэгулярна “вылоўліваюць” супрацоўнікі кампаніі, адказнай за ўтрыманне гарадскіх фантанаў. З 2001 г., незалежна ад палітычных настрояў, грошы служылі фінансавай падтрымкай Caritas Рымскай дыяцэзіі. У 2018 г. сума склала крыху больш за 1,5 мільёна еўра.

У студзені 2019 г. гарадскія ўлады Рыма вырашылі, што з 1 красавіка адна частка грошай павінна трапляць названай кампаніі, якая клапоціцца аб фантанах, другая будзе выкарыстана для падтрымання добрага стану помнікаў і для фінансавання “іншых сацыяльных праектаў”. Гэта рашэнне гарадскіх уладаў азначала закрыццё многіх дабрачынных ініцыятыў, якія служаць самым бедным у італьянскай сталіцы.

70% сродкаў, якія знаходзяцца ў распараджэнні рымскай Caritas, паступаюць з акцый па зборы ахвяраванняў, 15% – гэта фінансаванне ад італьянскай біскупскай канферэнцыі, астатнія 15% паходзяць менавіта з фантана Трэві.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 снежня 2019, 14:22