Пошук

Разбураны храм у Сірыі. Ілюстрацыйнае фота Разбураны храм у Сірыі. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфіку прадставілі план ААН па абароне месцаў культу

9 снежня 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі вярхоўнага прадстаўніка ААН Мігеля Анхеля Марацінаса, які прадставіў яму План дзеянняў Арганізацыі па ахове рэлігійных аб’ектаў, прыняты ў верасні.

Былы міністр замежных спраў Іспаніі заявіў пасля сустрэчы, што размаўляў з Папам і пра Дэкларацыю аб чалавечым братэрстве, падпісаную Францішкам і Ахмедам Эль Таебам у лютым у Абу-Дабі. Марацінас адзначыў, што Дакумент і выказаныя ў ім універсальныя каштоўнасці былі ўлічаны ў згаданым Плане ААН.

Выступаючы на вераснёўскай прэзентацыі Дакумента, Генсек ААН Антоніу Гуцерэш адзначыў, што культавыя месцы – гэта важныя сімвалы калектыўнай свядомасці чалавецтва. Калі людзей атакуюць па прычыне іх рэлігіі ці перакананняў, усё грамадства слабее. Месцы культу па ўсім свеце павінны быць мірным прытулкам для разважанняў і спакою, а не месцам кровапраліцця і тэрору. Людзі ва ўсім свеце павінны мець магчымасць спакойна вызнаваць і практыкаваць сваю веру.

План дзеянняў змяшчае рэкамендацыі для ААН, рэлігійных лідараў, грамадзянскай супольнасці і інтэрнэт-правайдэраў, якія могуць дапамагчы краінам у іх намаганнях па гарантаванні бяспекі месцаў культу.

Марацінас заявіў, што поспех Плана будзе залежаць ад пастаяннай прыхільнасці ўсіх зацікаўленых бакоў, асабліва дзяржаў-членаў ААН, актыўным намаганням па абароне месцаў культу.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 снежня 2019, 13:00