Пошук

Intelligenza-artificiale-etica-Paglia.jpg

Святы Пасад: этычны алгарытм для штучнага інтэлекту

“Добры алгарытм. Штучны інтэлект: этыка, закон, здароўе”, - гэта тэма пленарнай асамблеі Папскай акадэміі жыцця. Яна завершыцца падпісаннем сумеснага “Рымскага этычнага закліку”.

Подпісы пад дакументам паставяць кіраўнікі Microsoft і IBM. Чакаецца прысутнасць старшыні Еўрапарламента Давіда Сасолі і гендырэктара ФАО Цуй Дун’юйя.

Святы Пасад усведамляе, што сёння свет сутыкаецца з чацвёртай прамысловай рэвалюцыяй, звязанай з распаўсюджваннем новай формы тэхналогіі: штучнага інтэлекту, - падкрэсліў 25 лютага 2020 г. падчас прэзентацыі форума ў Ватыкане акадэмік Папскай акадэміі а. Паола Бэнанці.

Калі машына замяняе чалавека пры прыняцці рашэнняў, трэба паставіць пытанне аб крытэрыях. Калі выбар робіць чалавек, ён усведамляе глыбокую і радыкальную кваліфікацыю сваіх дзеянняў – дабро і зло. Характэрная чалавеку этыка робіць нас унікальнымі і грунтуецца на каштоўнасцях. Машына таксама выбірае значэнні – але яны з’яўляюцца лічбавымі значэннямі дадзеных, - заўважыў ватыканскі навуковец.

“Калі мы хочам, каб машына падтрымлівала чалавека і агульнае дабро, ніколі не замяняючы сабой чалавечую істоту, то алгарытмы павінны ўтрымліваць этычныя, а не толькі лічбавыя значэнні”

, - перакананы а. Бэнанці.

Ён патлумачыў, што, у прынцыпе, трэба навучыцца адлюстроўваць этычныя значэнні праз лікавыя значэнні, якія сілкуюць алгарытм. Практычна “этыка павінна заражаць інфармацыйныя тэхналогіі”.

“Патрэбен этычны алгарытм: спосаб, які дазваляе зрабіць вылічальнай ацэнку дабра і зла. Толькі так мы зможам стварыць машыны, якія могуць стаць інструментам гуманізацыі свету. Мы павінны кадыфікаваць этычныя прынцыпы і нормы на зразумелай і зручнай машыне мове. Для штучнага інтэлекту гэта рэвалюцыя, якая вядзе да сапраўднага развіцця, прыйшоў час падумаць пра этычны алгарытм”, - заявіў акадэмік.

“Рымскі этычны заклік”, які будзе падпісаны 28 лютага 2020 г., з’яўляецца важным крокам у гэтым напрамку. Два асноўныя вытворцы штучнага інтэлекту – IBM і Microsoft, разам з Папскай акадэміяй жыцця падпішуць зварот, каб этычныя прынцыпы прысутнічалі ў такога роду прадуктах. Святы Пасад разлічвае на тое, што падпісанне Закліку дасць пачатак стварэнню руху, які ўключыць людзей, аб’яднаных перакананнем, што этычны выбар, прававыя парадыгмы і адэкватныя адукацыйныя дзеянні дапамогуць грамадзянскай супольнасці годна сустрэць новы этап развіцця.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 лютага 2020, 13:24