Святы Айцец моліцца за ахвяр тэракту ў Германіі
Папа выказаў сваю блізкасць сваякам ахвяр тэракту ў нямецкім горадзе Ганаў. Спачувальную тэлеграму ад яго імя скіраваў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.
“Святы Айцец Францішак быў глыбока засмучаны даведаўшыся пра жудасны акт насілля ў Ганаў, які прывёў да гібелі нявінных людзей”, - заўважыў іерарх. Ён запэўніў у блізкасці Папы да ўсіх, хто пакутуе па прычыне згубы сваіх блізкіх.
“У малітве папа Францішак давярае загінулых Божай міласэрнасці і просіць Хрыста, Пана жыцця, каб асобы, якія перажываюць жалобу знайшлі суцяшэнне і давер, і каб ім спадарожнічала Божае благаслаўленне і супакой”, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме.
Тэракт на глебе нацыянальнай непрыязні адбыўся вечарам 19 лютага 2020 г. Узброены злачынца здзейсніў напад на дзве кальянныя, у выніку чаго загінулі па меншай меры дзевяць чалавек і чатыры былі паранены.
21 лютага 2020, 13:51