Пошук

telefono.jpg

Пантыфік правёў тэлефонную размову з Прэзідэнтам Славакіі

Францішак выказаў Прэзідэнту Славакіі Зузане Чапутавай словы падтрымкі падчас цяперашняга крызісу, выкліканага каронавірусам. Тэлефонная размова адбылася 16 красавіка 2020 г.

Святы Айцец папрасіў лідара краіны перадаць прывітанне ўсім жыхарам Славакіі і папрасіць іх, сутыкнуўшыся з наступствамі пандэміі, не страціць надзеі і адвагі, заставацца дысцыплінаванымі, “паколькі толькі разам мы зможам перамагчы”, - паведаміла Чапутава ў відэа, апублікаваным канцылярыяй Прэзідэнта ў Браціславе. Асаблівым чынам Папа заклікаў славакаў клапаціцца пра пажылых людзей, таму што яны “наша памяць”.

Пантыфік паведаміў, што ён здаровы і спрабуе “дастукацца” да вернікаў праз сродкі масавай інфармацыі. Францішак лічыць важным, каб “пасланне надзеі было пачута і ў гэты час”.

Па словах Чапутавай, матывам для тэлефоннай размовы стала яе запланаваная на чэрвень аўдыенцыя ў Ватыкане, якая хутчэй за ўсё будзе перанесена. Прэзідэнт Славакіі выказала радасць, што прынамсі такім чынам змагла падзякаваць Папу за яго словы падтрымкі і надзеі.

17 красавіка 2020, 12:49