COVID-19: епіскапаты Еўропы заклікалі ЕС прыняць план аднаўлення
На думку Камітэта па сацыяльных пытаннях COMECE, гэты грандыёзны план стане “відавочным знакам таго, што ЕС і яго дзяржавы-ўдзельніцы вярнуліся да салідарнасці”, паклаўшы ў аснову справядлівасць.
План, прадстаўлены 27 мая 2020 г. старшынёй Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Лаен, прадугледжвае выдзяленне 750 мільярдаў еўра на эканамічную рэканструкцыю краін ЕС: 500 мільярдаў у выглядзе беззваротных субсідый і 250 мільярдаў – пазык з нізкімі працэнтамі. У той жа час яна дадала, што Еўрасаюз павінен рухацца ў напрамку “зялёнай, лічбавай і антыкрызіснай будучыні”.
Згодна з заявай Камісіі COMECE, фонд эканамічнага аднаўлення, прапанаваны Еўракамісіяй, не толькі забяспечыць фінансавыя рэсурсы для тых, хто мае патрэбу, але і дапаможа шматлікім грамадзянам, якія былі расчараваны эгацэнтрычнымі дзеяннямі некаторых краін у пачатку пандэміі. У той час не хапала салідарнасці і ўзаемадапамогі, што выяўлялася, у прыватнасці, у закрыцці меж.
Хоць пандэмічны крызіс падкрэсліў недахопы ЕС, прапанаваны план уяўляе сабой “ясную перспектыву Еўропы адзінства”. Акрамя таго, гэта супадае з заклікам Папы ад 12 красавіка 2020 г., каб Еўрапейская Супольнасць дала новыя доказы салідарнасці, спасылаючыся на інавацыйныя рашэнні.
Камісія Біскупскіх Канферэнцый заклікала еўрапейскія ўлады і дзяржавы-члены весці дыскусію аб плане аднаўлення эканомікі ў ключы агульнага дабра і згодна з духам салідарнасці.