Святы Пасад: патрэбны салідарны і бескарыслівы адказ на крызіс
Арцыбіскуп Іван Юркавіч выступіў на 73-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя, якая праходзіла 18-19 мая 2020 г. – упершыню ў віртуальным фармаце з прычыны пандэміі каронавіруса.
“Гэтая беспрэцэдэнтная сітуацыя пралівае новае святло на ўзаемазалежнасць краін і, у прыватнасці, на неабходнасць разглядаць ахову здароўя ў якасці галоўнага агульнага дабра, што патрабуе салідарнасці і скаардынаваных дзеянняў на глабальным узроўні”, - заўважыў іерарх.
Арцыбіскуп нагадаў пра ўнёсак Святога Пасаду ў барацьбу з пандэміяй – ад дзейнасці шматлікіх каталіцкіх бальніц і дыспансэраў, якія забяспечваюць медыцынскую дапамогу нават самым бедным і маргіналізаваным асобам, і клопату святароў, законнікаў і законніц аб заражаных вірусам і іх сем’ях да ўзносаў у надзвычайны фонд Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) для забеспячэння медыкаў сродкамі індывідуальнай аховы, ахвяраванняў на карысць рэгіёнаў, якія найбольш пацярпелі з прычыны крызісу, і, нарэшце, стварэння Папам спецыяльнай камісіі па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй.
Прадстаўнік Святога Пасаду ў чарговы раз заклікаў міжнародную супольнасць да салідарнасці, да “спынення ўсіх форм варожасці і спрыяння арганізацыі маршрутаў гуманітарнай дапамогі, да дыпламатыі і ўвагі да тых, хто апынуўся ў надзвычай складаных сітуацыях”, да аслаблення міжнародных санкцый, якія ўскладняюць краінам, якіх датычаць, аказанне адэкватнай падтрымкі сваім грамадзянам.
Нарэшце ватыканскі дыпламат нагадаў выказаныя раней папам Францішкам спадзяванні на тое, што даследаванні, накіраваныя на вынаходніцтва вакцыны і метадаў лячэння захворванняў, выкліканых каронавірусам, будуць праводзіцца “празрыстым і бескарыслівым чынам” і дазволяць кожнаму чалавеку ў любой частцы свету атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу.