Лаўрэат прэміі Тэмплтана: навука адкрывае веліч Божага стварэння
Прэмія была ўручана Колінзу за здольнасць паказаць, што “рэлігійная вера можа матываваць і натхняць дакладнае навуковае даследаванне, спрыяючы інтэграцыі веры і розуму”.
У інтэрв’ю Vatican News Фрэнсіс Колінз падкрэсліў, што быў здзіўлены ўручэннем яму прэміі. “Я ніколі нават не думаў пра тое, каб наблізіцца” да ўзроўню выбітных папярэднікаў – Маці Тэрэзы, Білі Грэма, арцыбіскупа Дэсманда Туту і іншых, – таму што ніколі не лічыў сябе “знатаком тэалогіі”. Тым не менш, быць прылічаным да іх – “надзвычайны гонар”, сказаў лаўрэат.
Навуковец прайшоў доўгі шлях да веры, які апісаў у кнізе “Мова Бога” (2006 г.). Аўтар прызнаецца, што вера была для яго паступовым заваяваннем. “Ці ёсць Бог і ці гэты Бог клапоціцца пра мяне? Я пазбягаў такога пытання на працягу маёй першай чвэрці стагоддзя”, бо яно “ставіла мяне ў няёмкае становішча”, гаворыць ён у кнізе.
“Я веру, што Бог даў нам дзве кнігі. Кнігу слоў Божых, Біблію, якую я чытаю штодня, і кнігу спраў Божых, якімі ёсць стварэнне”, - кажа медык. На яго думку, праз навуку можна “ацаніць веліч Божага стварэння”, што з’яўляецца своеасаблівай формай адарацыі.
На сённяшні дзень Колінз заняты даследаваннямі, накіраванымі на вынаходніцтва лекаў і вакцыны супраць каронавіруса.
Тэмплтанаўская прэмія была заснавана ў 1972 г. па ініцыятыве англійскага прадпрымальніка і філантропа Джона Маркса Тэмплтана. Яе лаўрэатамі становяцца вучоныя, філосафы, пісьменнікі, прадстаўнікі духавенства, грамадскія дзеячы, якія зрабілі значны ўнёсак у даследаванне духоўнай сферы жыцця і паспрыялі дыялогу паміж навукай і рэлігіяй.