Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Хрысціянскія лідары пра змену статуса сабора св. Сафіі

Лідары розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцей крытычна выказваюцца пра рашэнне турэцкіх уладаў аб змене статуса сабора св. Сафіі ў Стамбуле. З 1934 г. ён выкарыстоўваўся як музей. Цяпер там зноў будзе мячэць.

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 12 ліпеня 2020 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, папа Францішак прызнаўся, што, думаючы пра сітуацыю вакол сабора, адчувае смутак.

Рашэнне турэцкіх уладаў рашуча асудзіў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, які назваў “пагрозу святой Сафіі – пагрозай усё хрысціянскай цывілізацыі, а значыць і нашай духоўнасці і гісторыі”. Прадстаяцель падкрэсліў, што храм з’яўляецца сімвалам для хрысціян ва ўсім свеце, таму спробы прынізіць тысячагадовую спадчыну Канстантынопальскай Царквы ўспрымаюцца “з горыччу і абурэннем”. “Абавязак кожнай цывілізаванай дзяржавы – захоўваюць раўнавагу: прыміраць супярэчнасці ў грамадстве, а не абвастраць іх; спрыяць аб’яднанню людзей, а не раздзяленню”, - заявіў Патрыярх.

Часовы Генеральны сакратар Сусветнай рады Цэркваў (WCC), румынскі праваслаўны святар, айцец Іаан Саука, заўважыў, што рашэнне аб змене статуса сабора св. Сафіі непазбежна правакуе падзелы, падазронасць і варожасць, робячы марнымі ўсе намаганні, якія былі зроблены, у тым ліку хрысціянскімі Цэрквамі, на карысць дыялогу і супрацоўніцтва паміж рознымі рэлігіямі. Ён выказаў занепакоенасць тым, што гэта распаліць амбіцыі радыкальных груп, якія жадаюць змяніць status quo і стварыць напружанасць паміж рэлігійнымі супольнасцямі.

Рада Цэркваў Блізкага Усходу (MECC) назвала рашэнне турэцкіх уладаў “нападам на рэлігійную свабоду і мірнае суіснаванне”. Структура заклікала ААН і Лігу арабскіх дзяржаў выступіць супраць ініцыятывы, каб захаваць “гістарычны сімвалізм, які мае сабор св. Сафіі”. Падкрэсліваецца, што рашэнне аб змене яго статуса было прынята ў важны момант умацавання дыялогу паміж хрысціянамі і мусульманамі, кульмінацыяй якога стала Дэкларацыя аб братэрстве, падпісаная з лютым 2019 г. у Абу-Дабі, папам Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхар шэйхам Ахмедам Эль-Таебам.
 

14 ліпеня 2020, 10:38