Святы Пасад у ААН: з’яднаць намаганні дзеля абароны клімату
Арцыбіскуп Іван Юркавіч узяў удзел у дыскусіі аб пытанні клімату, якая адбылася 9 ліпеня 2020 г. у рамках 44-сесіі Рады па правах чалавека. “Чалавечая сям’я не можа спакойна стаяць і глядзець на пакуты самых бедных і эксплуатацыю нашага супольнага дому”, - сцвердзіў ён.
Ватыканскі дыпламат нагадаў, што клімат – гэта агульнае дабро. Яго стан залежыць ад мноства фактараў жыцця чалавека, а кліматычныя змены маюць сур’ёзныя экалагічныя, сацыяльныя, эканамічныя, харчовыя і палітычныя наступствы. Гаворка ідзе пра адзін з самых галоўных выклікаў, які стаіць перад чалавецтвам.
“Узаемазалежнасць абавязвае нас думаць пра адзіны свет, пра супольны праект”, - сказаў арцыбіскуп. Ён заўважыў, што вырашэнне кліматычнай праблемы немагчыма ў адзіночку. “У гэты складаны перыяд, выкліканы пандэміяй COVID-19, мы пакліканы клапаціцца адно пра аднаго, не ізалявацца, думаючы толькі пра сябе, але падтрымліваць і абараняць чалавечае жыццё, забяспечваючы ўсіх належнай медыцынскай дапамогай, умацоўваючы салідарнасць і перамагаючы культуры адчужэння”, - сказаў дыпламат.
Арцыбіскуп Юркавіч заклікаў да “новай паўсюднай салідарнасці”, каб усе маглі супрацоўнічаць як Божыя прылады для аховы стварэння, “кожны, дзякуючы сваёй культуры і досведу, ініцыятывам і здольнасцям”.
“Калі змагаемся з глабальнымі праблемамі не павінна быць межаў ці бар’ераў, палітычных ці сацыяльных, за якімі можам схавацца, і тым больш не павінна быць месца для глабалізацыі абыякавасці”, - сказаў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.