Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: патрэбны канкрэтныя рашэнні для ратавання мігрантаў

Абараніць жыццё і чалавечую годнасць мігрантаў, спрыяць іх сапраўднаму і цэласнаму развіццю, - заклікаў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

7 ліпеня 2020 г. арцыбіскуп Іван Юркавіч выступіў на пасяджэнні, прысвечаным праграме Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў на тэму: “Перасяленне і дадатковыя маршруты”.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на гатоўнасць Святога Пасаду працаваць з усімі адказнымі партнёрамі праз канструктыўны дыялог, накіраваны на пошук канкрэтных прапаноў па масавай міграцыі і перамяшчэнні бежанцаў. Ён нагадаў пра пажаданне Францішка, каб “як мага большая колькасць краін адкрыла гуманітарныя калідоры”, а таксама падкрэсліў патрэбу ў пошуку “канкрэтных механізмаў для больш справядлівага размеркавання абавязкаў і адказнасці”.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч заўважыў, што многія мігранты маюць здольнасці, якія павінны быць належным чынам прызнаны і ацэнены. Неабходна спрыяць сацыяльнай і прафесійнай інтэграцыі гэтых людзей, гарантуючы ўсім права на працу, вывучэнне мовы і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

Прадстаўнік Святога Пасаду даў высокую адзнаку надзвычайным мерам, якія былі прыняты для эвакуацыі каля 1200 бежанцаў з Лівіі, дзе яны знаходзіліся ў сур’ёзнай небяспецы, у Нігер і Руанду.

Ватыканскі дыпламат адзначыў намаганні дзяржаў па прыняцці бежанцаў, якія па прычыне небяспекі не могуць вярнуцца ў краіны свайго паходжання ці быць інтэграванымі ў краіны, дзе атрымалі прытулак. “Гэтыя намаганні дзяржаў часта атрымліваюць падтрымку рэлігійных арганізацый і іншых структур грамадзянскай супольнасці і такім чынам могуць забяспечваць уключэнне і добрую інтэграцыю ў мясцовыя грамадствы”, - сцвердзіў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.
 

09 ліпеня 2020, 10:19