Святы Пасад за кааліцыю ў барацьбе з гандлем людзьмі
3 ліпеня 2020 г. арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у 44-й сесіі Рады па правах чалавека. Ён падкрэсліў, што абсалютны прыярытэт павінна мець паляпшэнне механізмаў абароны, рэабілітацыі і рэінтэграцыі ахвяр гандлю людзьмі.
Нягледзячы на дасягненні ў гэтай сферы, лічбы гавораць, што сітуацыя застаецца драматычнай. Гандль людзьмі ў яго розных праявах – сярод якіх дыпламат узгадаў пра гандль нованароджанымі дзецьмі і сурагатнае мацярынства – “працягвае быць адкрытай ранай на целе сучаснага чалавецтва”. Садзейнічае распаўсюджванню гэтай з’явы беднасць, карупцыя, неадукаванасць, адсутнасць магчымасцей, а на працягу апошніх месяцаў, таксама і пандэмія каронавіруса.
“Гаворка ідзе пра сапраўднае бедства для нашых грамадстваў, таму што яно прадугледжвае адмаўленне годнасць ахвяры, адносіцца да яе, выключна як да тавару, якім трэба карыстацца”, - сказаў арцыбіскуп. Гандль людзьмі – адзін з самых драматычных выразаў культуры, якую можна назваць “выкарыстай і выкінь”, шмат разоў асуджанай Папам, - дадаў ён.
Прадстаўнік Святога Пасаду зазначыў, што адзіным спосабам канчатковага выкаранення гэтага феномену з’яўляецца скаардынаваная міжнародная дзейнасць. Ёсць патрэба ў “кааліцыях добрай волі”. У гэтым кантэксце дыпламат прыгадаў пра нястомную працу рэлігійных арганізацый, якія ў розных частках свету спрыяюць прафілактыцы гандлю людзьмі, а таксама аказваюць рознабаковую дапамогу ахвярам.
Апостальская Сталіца лічыць, што праблема можа быць выкаранена толькі калі спыніцца попыт. “Хто стварае гэты попыт падзяляе адказнасць з ганебнымі злачыннымі аб’яднаннямі”, што кіруюць гандлем людзьмі, - пакрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.