Беларускі іерарх: баюся, што можа распачацца грамадзянская вайна
Старшыня епіскапату Беларусі ад пачатку дэманстрацый заклікае беларусаў знайсці мірны выхад з жорсткага супрацьстаяння. Ён просіць аб малітве, каб пазбегнуць пагаршэння сітуацыі.
“Я звярнуўся да вернікаў, каб маліліся на ружанцы аб міры ў нашай краіне. Гэта вельмі важная малітва да Маці Божай, Каралевы Спакою. Таксама я звярнуўся з іншым заклікам, гэтым разам да ўсіх людзей добрай волі, усіх жыхароў нашай краіны. Баюся, што можа распачацца грамадзянская вайна, бо людзі выйшлі на вуліцы. Заклікаю ўсе бакі стрымлівацца і не ўжываць насілля. Лічу таксама, што было б добра арганізаваць круглы стол, каб размаўляць аб усіх гэтых праблемах і вырашаць іх шляхам дыялогу і перамоў”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю Vatican News.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падтрымаў свайго сабрата і нагадаў: “Мы маем вельмі дзейсную “зброю” ў такіх сітуацыях – Ружанец. Неаднойчы гэтая малітва ратавала людзей і цэлыя краіны ў цяжкія хвіліны, няхай і нам дасць сёння Божую дапамогу і падтрымку. Заахвочваю маліцца прынамсі адной таямніцай Ружанца ў дзень у інтэнцыі мірнага вырашэння складанай сітуацыі ў нашай краіне, а таксама ахвяраваць у гэтай інтэнцыі пост”.
Пастыр самай паўночнай дыяцэзіі Беларусі лічыць, што “выйсце толькі адно – трэба шукаць праўду! Гэта важна, каб быць пэўным, што абараняю менавіта праўду, а не падман. І трэба ведаць, што праўды напэўна не будзе там, дзе ёсць гвалт. Трэба размаўляць і мець добрую волю пачуць адно аднаго! Калі хочам будаваць цывілізаваную краіну, то і сродкі вырашэння канфліктаў у нас няхай будуць цывілізаваныя. Няхай Бог будзе нам у гэтым дапамогай, бо Ён ведае, што дабро заўсёды мацнейшае за зло. Варта, каб кожны з нас сёння пра гэта памятаў”.