Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Бліжэйшы супрацоўнік Папы здзейсніць візіт у Швейцарыю

Кардынал Пьетра Паралін плануе наведаць з афіцыйным візітам Швейцарыю. Паездка запланавана на лістапад 2020 г. і будзе прымеркавана да 100-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і краінай.

Інфармацыю пацвердзіў Апостальскі нунцый у Швейцарыі, арцыбіскуп Томас Галіксан.

Восенню 2019 г., падчас Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, кардынал Паралін ужо сустракаўся з федэральным саветнікам Швейцарыі Іньяцыё Касісам.

На дадзены момант праграма візіту Дзяржсакратара Яго Святасці прадугледжвае цэлебрацыю св. Імшы 8 лістапада 2020 г. у санктуарыі ў Айнзідэльне – найбуйнейшым у краіне месцы пілігрымавання і ўшанавання Маці Божай. Пасля літургіі кардынал Паралін накіруецца ў камуну Заксэльн, дзе сустрэнецца з членамі біскупскай канферэнцыі краіны. 9 лістапада 2020 г. ва ўніверсітэце Фрыбурга бліжэйшы супрацоўнік Папы і федэральны саветнік Швейцарыі Іньяцыё Касіс адкрыюць сустрэчу, прысвечаную дыпламатычным адносінам.

Як заўважыў Пьер-Ален Эльчынгер, афіцыйны прадстаўнік Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі, праграма візіту кіраўніка ватыканскай дыпламатыі “ўключае, акрамя афіцыйных перамоў, гістарычныя, культурныя і экуменічныя аспекты”.

Пры гэтым адзначаецца, што ў сувязі з пандэміяй у праграме падарожжа магчымыя змены.

Швейцарыя і Святы Пасад распачалі супрацоўніцтва ў 1917 г., пасля заканчэння Першай сусветнай вайны: Бэнэдыкт XV убачыў у швейцарскім кіраўніцтве ідэальнага партнёра для арганізацыі дапамогі ахвярам вайны. Больш за 67 тыс. параненых прайшлі лячэнне на тэрыторыі Швейцарыі.

Гэтае супрацоўніцтва нарадзілася дзякуючы арцыбіскупу Парыжа, кардыналу Леону-Адольфу Амету, які прапанаваў Бэнэдыкту XV звярнуцца да Нідэрландаў і Швейцарыі ў пошуку нейтральнай тэрыторыі, на якой можна было б лячыць параненых. Пантыфік сканцэнтраваўся, найперш, на Швейцарыі – краіне, дзе ў 1864 г. была падпісана Жэнеўская канвенцыя, міжнародна-прававое пагадненне, якое ўтрымлівае нормы аховы і дапамогі хворым і параненым у ходзе вайны.

У выніку Швейцарыя і Святы Пасад распачалі сумесную працу ў гуманітарнай сферы, адкрыўшы шпіталі і сацыяльныя цэнтры ў Лезэне, Давосе, на Фірвальдштэцкім возеры.

Крызісны момант у стасунках паміж краінамі настаў у другой палове XIX ст., калі прускі канцлер Ота фон Бісмарк распачаў ліберальную кампанію (kulturkampf), накіраваную на ўсталяванне дзяржаўнага кантролю над Каталіцкім Касцёлам. Пасля таго як папа Пій IX заявіў пра жорсткае абыходжанне швейцарцаў з прадстаўнікамі каталіцкага духавенства, Федэральны ўрад Швейцарыі ў 1873 г. прыняў рашэнне разарваць адносіны са Святым Пасадам і закрыць Апостальскую нунцыятуру ў Люцэрне. Яе дзейнасць, на гэты раз у Берне, аднавілася толькі ў 1920 г.
 

08 жніўня 2020, 13:27