Пошук

Штаб-кватэра ААН у Жэневе Штаб-кватэра ААН у Жэневе 

Святы Пасад за супрацоўніцтва паміж Дамоўнымі органамі ААН

Прадстаўнік Святога Пасаду прыняў удзел у нефармальных кансультацыях па ўмацаванні сістэмы Дамоўных органаў ААН у галіне правоў чалавека ў святле рэзалюцыі 68/268 Генеральнай Асамблеі АНН ад 2014 г.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў структурах ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе выступіў з заявай, заклікаючы бакі накіраваць высілкі на ўмацаванне эфектыўнасці, празрыстасці і гарманізацыі метадаў працы.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што перагляд не павінен тычыцца “ролі і функцыянавання” Дамоўных органаў, кампетэнцыя якіх павінна цалкам паважацца.

Святы Пасад прапануе накіраваць высілкі на ўмацаванне ролі старшынь органаў, а таксама на пашырэнне ўзаемадзеяння паміж рознымі структурамі, якія займаюцца абаронай правоў чалавека, паколькі іх прырода і юрыдычная база вельмі адрозніваюцца.

Апостальская Сталіца прызнае каштоўны ўклад кожнага з Дамоўных органаў у галіне правоў чалавека ў дапамогу дзяржавам, якія вядуць перамовы, а таксама ў выкананне імі абавязацельстваў у гэтым пытанні, - падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Дамоўныя органы ААН – гэта камітэты, створаныя ў адпаведнасці з той ці іншай дамовай у галіне правоў чалавека, якія кантралююць выкананне дзяржавамі яе асноўных палажэнняў. Сярод іх – Камітэт па правах чалавека, Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Камітэт па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, Камітэт супраць катаванняў, Камітэт па правах дзіцяці, Камітэт па правах інвалідаў, Камітэт па абароне правоў усіх рабочых-мігрантаў і членаў іх сем’яў.
 

29 жніўня 2020, 10:48