Пошук

Ян Павел ІІ Ян Павел ІІ 

У Ізраілі памятаюць жэсты сяброўства Яна Паўла ІІ

Ян Павел II быў адным з найважнейшых Пантыфікаў, якія выступалі за міжрэлігійны дыялог і руйнаванне стэрэатыпаў, - заявіў пасол Ізраіля ў Польшчы Аляксандр Бэн Цві.

Дыпламат таксама адзначыў, што Ян Павел II шмат зрабіў для хрысціянска-юдэйскага дыялогу. “З таго моманту, як ён сказаў, што яўрэі – гэта старэйшыя браты ў веры, многія забабоны былі пераадолены і наладзіліся сістэматычныя сумесныя кантакты паміж юдаізмам і хрысціянствам. Гэта можна параўнаць з публікацыяй Nostra aetate – дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору пра адносіны да нехрысціянскіх рэлігій, – падкрэсліў у інтэрв’ю парталу polskifr.fr Бэн Цві.

Ён дадаў, што ў Ізраілі памятаюць візіт Яна Паўла II у гэтую краіну 20-26 сакавіка 2000 г. “Гэта была вельмі важная падзея, мерапрыемствы трансліраваліся ў прамым тэлеэфіры. У памяць аб ім была выдадзена спецыяльная паштовая марка. Прамовы Папы шырока каментаваліся і былі вельмі добра ўспрыняты. Памяць Яна Паўла ІІ вельмі моцная ў Ізраілі”, - сказаў Бэн Цві.

“Мяне часта пытаюць, чаму мы так шмат нагадваем людзям пра Халакост. Па-першае, мы павінны ўшанаваць памяць людзей, якія страцілі жыццё, па-другое, памяць пра Халакост дазваляе нам змагацца з нецярпімасцю і антысемітызмам, каб гэта больш не паўтарылася”, - адзначыў пасол Ізраіля.
 

16 жніўня 2020, 11:21