Пошук

Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін на трыбуне ААН. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін на трыбуне ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: ААН павінна стаць “маральным цэнтрам”

На неабходнасць паважання права на жыццё і рэлігійную свабоду звярнуў увагу Дзяржсакратар Яго Святасці ў відэа-прамове з нагоды 75-годдзя стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Кардынал П’етра Паралін у самым пачатку падкрэсліў падтрымку Святым Пасадам гэтай прэстыжнай установы, якая служыць умацаванню міру і супрацоўніцтву паміж народамі свету.

Ён нагадаў, што з 1964 г., калі Апостальскай Сталіцы быў нададзены статус дзяржавы-назіральніка, Пантыфікі, якія змянялі адзін аднаго, заклікалі ААН стаць “маральным цэнтрам”, дзе кожная краіна будзе адчуваць сябе дома, дзе збіраецца сям’я нацый і дзе міжнародная супольнасць – у духу чалавечага братэрства і салідарнасці – развіваецца з шматбаковымі рашэннямі глабальных выклікаў.

“Як ясна паказала пандэмія COVID-19, мы не можам працягваць думаць толькі пра сябе і развіваць падзелы; хутчэй, мы павінны працаваць разам, каб пераадолець найгоршыя бедствы ў свеце, улічваючы, што цяжар, які нясуць некаторыя, абавязкова ўплывае на чалавецтва ў цэлым і ўсю сям’ю народаў”

, - заявіў кардынал Паралін.

Дзяржаўны сакратар нагадаў пра ролю ААН у абароне міжнароднага права і прасоўванні міру, заснаванага на вяршэнстве закона і справядлівасці. Ён падкрэсліў яе ролю ў дапамозе ахвярам стыхійных бедстваў і войнаў, абароне прыроднага асяроддзя чалавека і комплексным падыходзе да развіцця чалавецтва.

“ААН імкнецца абараніць агульныя правы чалавека, якія таксама ўключаюць права на жыццё і свабоду веравызнання, важныя для гэтак неабходнага будавання свету, у якім годнасць кожнай чалавечай асобы абараняецца і развіваецца”

, - адзначыў кардынал Паралін.

Кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду заўважыў, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый не з’яўляецца дасканалай і шкодзіць сабе, калі асобныя інтарэсы перамагаюць агульнае дабро. Такім чынам, ёсць неабходнасць ажывіць дух, які ляжыць у яе аснове. Таксама і дыпламаты павінны займацца няпростай задачай добрасумленнага пошуку агульнага дабра праз сапраўдную згоду і кампраміс.

“Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, у якой народы свету аб’яднаны ў дыялогу і сумесных дзеяннях, сёння неабходная як заўсёды, каб адказаць на пастаянна існуючыя надзеі народаў свету”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
 

22 верасня 2020, 11:31