Падрабязнасці візіту ватыканскай дэлегацыі ў Беларусь
Адзначаецца, што іерарх прыбыў у Мінск 11 верасня 2020 г. у суправаджэнні арцыбіскупа Антоніа Меніні, і мансеньёра Паўля Бутнару, супрацоўніка Секцыі па сувязях з дзяржавамі Дзяржсакратарыята. У аэрапорце іх сустракалі намеснік міністра замежных спраў Сяргей Алейнік і часовы павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, кс. Махэр Шамас.
З аэрапорта дэлегацыя накіравалася непасрэдна ў штаб-кватэру Міністэрства замежных спраў, дзе адбылася сустрэча з міністрам Уладзімірам Макеем. Падчас размовы, якая доўжылася больш за гадзіну, былі ўзгаданы некаторыя найбольш важныя моманты супрацоўніцтва Беларусі і Апостальскай Сталіцы ў міжнароднай сферы, а таксама важны ўклад мясцовага Каталіцкага Касцёла ў духоўны рост беларускага народа, сацыяльную дзейнасць, добрае міжрэлігійнае суіснаванне і прасоўванне культурнай ідэнтычнасці краіны.
12 верасня ў памяшканні Апостальскай нунцыятуры Сакратар па адносінах з дзяржавамі сустрэўся з каталіцкімі біскупамі Беларусі. Размова дазволіла, з аднаго боку, глыбей даведацца аб праблемах, з якімі сутыкаецца каталіцкая супольнасць і яе пастыры, а з іншага – прадэманстраваць блізкасць і падтрымку Святога Айца.
У другой палове дня дэлегацыя ў прыватным парадку наведала праваслаўны кафедральны сабор Мінска і Духоўную акадэмію, а таксама размешчаную побач каталіцкую архікатэдру. Візіт дазволіў выявіць дэталі рэлігійнай гісторыі краіны і, перш за ўсё, духоўнае адраджэнне пасля цяжкіх часоў атэізму.
Увечары таго ж дня ў сядзібе Апостальскай нунцыятуры арцыбіскуп Галахер сустрэўся з намеснікам міністра замежных спраў і паслом пры Апостальскай Сталіцы, спадаром Сяргеем Алейнікам.
У нядзельнай Эўхарыстыі, якую арцыбіскуп Галахер цэлебраваў 13 верасня ў капліцы Апостальскай нунцыятуры, прынялі ўдзел некаторыя прадстаўнікі дыпкорпуса.
У другой палове ватыканская дэлегацыя з прыватным візітам наведала мінскі Храм-помнік у гонар Усіх святых і сустрэлася з яго настаяцелем, протаіерэем Фёдарам Поўным. Візіт дазволіў лепш зразумець гісторыю беларускага народа і багацце яго праваслаўных хрысціянскіх традыцый, цесна аб’яднаныя паміж сабой.
14 верасня Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі вярнуўся ў Ватыкан.