Святы Пасад у АБСЕ: карупцыя – пагроза для міру і бяспекі
Ватыканскую дэлегацыю на сустрэчы ўзначаліў арцыбіскуп Чарльз Дэніэл Бэлва, Апостальскі нунцый у Чэшскай Рэспубліцы. Ён заўважыў, што “карупцыя – гэта пагроза для міру і бяспекі”.
Дыпламат выказаў асаблівую заклапочанасць тым фактам, што “вялізарныя сродкі, вылучаныя на барацьбу з пандэміяй COVID-19, ужо прыцягнулі крымінальную дзейнасць”. У сувязі ў гэтым існуе рызыка таго, што людзі, якія найбольш патрабуюць фінансавай падтрымкі, застануцца без неабходнай дапамогі, - сказаў ён.
Іерарх заклікаў знайсці “інавацыйныя рашэнні” у актуальным кантэксце пандэміі, якія не будуць выклікаць рознагалоссяў, не стануць палітызаванымі ці частковымі, а будуць накіраваны на пошук агульнага дабра і інтэгральнае развіццё ўсіх. У гэтым кантэксце арцыбіскуп нагадаў пра motu proprio Францішка, выдадзенае 1 чэрвеня 2020 г. і накіраванае на прафілактыку карупцыі ў ватыканскіх структурах. Гэты дакумент Папы адлюстроўвае яго заклапочанасць праблемай карупцыі, - дадаў ён. Калі дзяржаўныя служачыя незаконна прысвойваюць грамадскія рэсурсы, гэта адбіваецца на ўсёй супольнасці, якой яны служаць, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.
Арцыбіскуп Бэлва сказаў, што адсутнасць празрыстасці і адказнасці ў кіраванні грамадскімі рэсурсамі ставіць пад пытанне трывалы эканамічны рост і бяспеку або нават цалкам робіць іх нікчэмнымі.
Апостальская Сталіца заклікае змагацца з карупцыяй у тым ліку праз культуру, адукацыю, выхаванне, актыўны ўдзел грамадзянскай супольнасці, таму што “законы – неабходныя, але толькі іх недастаткова”. Трэба з адвагай абуджаць сумленні, каб перайшлі ад “распаўсюджанага раўнадушша да ўсведамлення сур’ёзнасці гэтых феноменаў, з якімі трэба змагацца”, - падкрэсліў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі на форуме АБСЕ.