Блізкаўсходні іерарх: Еўропа забылася пра міжнародныя праблемы
Пагадненне паміж Ізраілем і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, заключанае пры ўдзеле Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, яшчэ больш ізалюе палестынцаў, - лічыць арцыбіскуп П’ербаціста Піцабала. У той жа час ён выказаў шкадаванне з прычыны таго, што ізраільска-палестынскае пытанне даўно адсутнічае ў парадку дня міжнародных спраў.
“Палестынцы ўжо дастаткова ізаляваныя! Цяпер нават адносна арабскага свету яны апынуліся ў яшчэ большай ізаляцыі. Мы павінны спытаць сябе, як з гэтага выйсці, як рухацца далей? На Блізкім Усходзе не будзе стабілізацыі, пакуль няма яснага і гуманнага рашэння для палестынскага народа”, - сказаў арцыбіскуп Піцабала ў інтэрв’ю Vatican News.
“Галоўныя гульцы ў гэтай сітуацыі – Турцыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўская Аравія і Іран. Варта памятаць і пра Расію, ЗША і Кітай. Ліван і Сірыя, а таксама Ірак знаходзяцца на іншым полі бою. З іншага боку, Еўропа настолькі захоплена ўласнымі праблемамі, што гэты кантынент, здаецца, забыўся пра свае міжнародныя праблемы”, - заўважыў арцыбіскуп Піцабала.
У цяперашняй сітуацыі было б недапушчальным адмовіцца ад канцэпцыі дзвюх дзяржаў: ізраільскай і палестынскай, - заявіў іерарх. Паводле яго, таксама сцяна (якая аддзяляе Ізраіль ад палестынскіх тэрыторый) з’яўляецца прыкметай адсутнасці перспектыў.
“Нам трэба пачынаць нанова, маючы на ўвазе ўрокі мінулага, уключаючы няўдачы, такія як Осла (пагадненне Ізраіля і Арганізацыі вызвалення Палестыны 1993 г., падпісанае ў нарвежскай сталіцы) і розныя іншыя пагадненні. І гэта запатрабуе часу”, - заключыў Апостальскі адміністратар Іерусалімскага Патрыярхату.
Арцыбіскуп Піцабала таксама звярнуў увагу, што пандэмія каронавіруса, якая ўспыхнула гэтай вясной, паўплывала на Блізкі Усход у значна меншай ступені, чым на Еўропу. Але потым была больш трывожная хваля. Акрамя рызыкі для здароўя, гэта перш за ўсё сацыяльныя і эканамічныя рызыкі. Многія сем’і апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы, асабліва на палестынскіх тэрыторыях, эканамічна самых слабых на Блізкім Усходзе.