Святы Пасад і Аўстрыя абнавілі маёмаснае пагадненне
Міністр адукацыі Сюзана Рааб і Апостальскі нунцый у Аўстрыі, арцыбіскуп Пэдра Лопэс Кінтана падпісалі адпаведную дамову 12 кастрычніка 2020 г., паведамілі ў Ватыкане.
Гэта кампенсацыйныя выплаты за матэрыяльныя каштоўнасці, канфіскаваныя нацысцкім рэжымам пасля аншлюсу Аўстрыі Германскім рэйхам у 1938 г., якія Аўстрыйская Рэспубліка аб’ектыўна не можа вярнуць Цэрквам і рэлігійным супольнасцям.
Падставай для выплат Каталіцкаму Касцёлу з’яўляецца Канвенцыя аб рэгуляванні маёмасных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Аўстрыйскай Рэспублікай ад 23 чэрвеня 1960 г. Ёй прадугледжана, што сума кантракту павінна павялічыцца, калі пастаянная інфляцыя складае больш за 20%, што і адбылося яшчэ ў 2018 г. Менавіта таму два гады таму пачаліся перамовы паміж Аўстрыяй і Святым Пасадам.
Такія ж дамовы падпісаны з Лютэранскай і Старакаталіцкай Цэрквамі, а таксама з юдэйскай рэлігійнай супольнасцю.
Міністр культуры Рааб і арцыбіскуп Лопэс высока ацанілі добрыя адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам у Аўстрыі. Пасля падпісання Дамовы яе павінны прыняць Нацыянальная і Федэральная рады. Паколькі гэта міжнароднае пагадненне, яно павінна быць ратыфікавана Федэральным Прэзідэнтам і Апостальскай Сталіцай. Толькі тады дамоўленасці ўступяць у сілу.