Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Урад Германіі: свабода рэлігіі ў свеце ўсё больш абмяжоўваецца

У свеце расце тэндэнцыя да абмежавання правоў чалавека на свабоду веравызнання і перакананняў. На гэта звяртае ўвагу новы даклад урада Германіі, апублікаваны 28 кастрычніка 2020 г. у Берліне.

Найбольш пацярпелая рэлігійная супольнасць – хрысціяне, але пераследуюць таксама прыхільнікаў іншых рэлігій: мусульман, юдэяў і езідаў, вынікае з ужо другога даклада па гэтым пытанні.

“Рэлігійная свабода – гэта асноўнае права чалавека” - заявіў Маркус Грубэль, Упаўнаважаны ўрада Германіі па пытаннях свабоды рэлігіі ў свеце. Больш за 80% людзей прызнаюць, што яны рэлігійныя, але тры чвэрці з іх жывуць у краінах, дзе свабода веравызнання і перакананняў абмежаваная. Рэлігійныя людзі сутыкаюцца з пераследам, дыскрымінацыяй і гвалтам.

“На жаль, за апошнія некалькі гадоў сітуацыя пагоршылася, і пагрозы ўзрастаюць”

, - адзначыў прадстаўнік нямецкага ўрада.

208-старонкавая справаздача паказвае, што ўсё больш і больш краін абмяжоўваюць свабоду веравызнання і перакананняў, напрыклад, праз законы аб блюзнерстве або забарону на пераход на іншую рэлігію. Амаль у ста краінах дзейнічаюць законы, што караюць рэлігійныя групы, якія спрабуюць пераканаць іншых людзей у сваёй веры. У некалькіх краінах за пераход на іншую рэлігію чакае смяротнае пакаранне.

Аналізуючы інтэрнэт-прастору, аўтары справаздачы прыйшлі да высновы, што яна мае як станоўчае, так і адмоўнае ўздзеянне. Разам з садзейнічаннем умацаванню веры, у інтэрнэце ўсё больш і больш нянавісці да рэлігій і этнічных меншасцей.

“Такая мова нянавісці, напрыклад, абвастрыла канфлікт вакол мусульманскай меншасці рахінджа ў М’янме”

, - звярнуў увагу Грубэль.

Новая справаздача ўключае аналіз 30 краін, у якіх падзеі ў перыяд 2018-2019 гадоў былі асабліва цікавыя з пункту гледжання федэральнага ўрада Германіі. Сярод іх шмат дзяржаў Азіі і Афрыкі, але таксама, напрыклад, Бразілія і Украіна. Іншыя краіны, такія як Сірыя, Емен і Лівія, дзе свабода веравызнання і перакананняў сур’ёзна абмежаваная, не былі ўключаны, паколькі да іх няма доступу з прычыны трываючых там войнаў і канфліктаў.

У якасці прыкладу Упаўнаважаны ўрада Германіі прывёў масавыя дзяржаўныя рэпрэсіі супраць уйгураў-мусульман у Кітаі. Тут, лічыць ён, неабходна незалежнае расследаванне ААН. Сітуацыя з рэлігійнымі меншасцямі застаецца няўстойлівай і ў Іраку, бо дзясяткі тысяч хрысціян і езідаў усё яшчэ жывуць у лагерах бежанцаў. З іншага боку, у дакладзе адзначаецца пазітыўная змена ў Судане, дзе было адменена смяротнае пакаранне за пераход на іншую рэлігію і вераадступніцтва, а Божае Нараджэнне было аб’яўлена дзяржаўным святам.
 

29 кастрычніка 2020, 11:57