Пошук

Дзеці ў чарзе за ежай. Ілюстрацыйнае фота Дзеці ў чарзе за ежай. Ілюстрацыйнае фота 

Caritas: галадаючых дзяцей пасля пандэміі будзе больш, чым зараз

Харчовы крызіс, вынік пандэміі, з вялікай сілай абрынуўся на многія краіны свету. Аднак Caritas Internationalis папярэджвае, што пасляпандэмічная хваля голаду яшчэ не ўдарыла. Першымі яе ахвярамі стануць дзеці.

Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека адсочвае сітуацыю ў свеце, выкарыстоўваючы сетку парафій і місійных цэнтраў, якія знаходзяцца ў авангардзе харчовай дапамогі. Дадзеныя, сабраныя ведамствам, сведчаць аб тым, што летась 690 млн чалавек пакутавалі ад хранічнага недаядання. Цяперашні крызіс прывядзе да таго, што да канца года іх колькасць павялічыцца яшчэ на 130 млн. Адной з галоўных прычын з’яўляецца страта працы, у выніку чаго бацькі не могуць забяспечыць самыя асноўныя патрэбы сваіх дзяцей.

Самая складаная сітуацыя ў бедных краінах Азіі і Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Недаяданне – гэта вялізная праблема, і каронавірус стаў яго сапраўдным паскаральнікам. Асабліва драматычная сітуацыя дзяцей. Да канца года каля 7 млн з іх пагражае голад, - сказаў Vatican News Мікэле Проспэры з міжнароднай арганізацыі Save the Children.

Крытычным кантынентам з’яўляецца Азія, дзе жыве палова галадаючых дзяцей, і Афрыка на поўдзень ад Сахары – чвэрць усіх галадаючых дзяцей.

“Мы мяркуем, што ў хуткім часе пандэмія прывядзе 150 млн дзяцей да рэальнай галечы. А следствам беднасці з’яўляецца, безумоўна, недаяданне. Іншы фактар, які выклікае голад, – адсутнасць доступу да адукацыі. З прычыны пандэміі 360 млн дзяцей у цяперашні час не ходзяць у школу і, такім чынам, не маюць доступу да аднаго гарантаванага пасілку на працягу дня”, - звярнуў увагу Проспэры.

Войны таксама правакуюць голад. “Калі падаюць бомбы, цяжка змагацца з пандэміяй. У такіх краінах, як Сірыя, Емен і Ірак, голад становіцца сапраўдным забойцам”, - падкрэсліў дабрачынца.

Гэта паказвае на важнасць удзелу Касцёла ў гарантаванні харчовай дапамогі. Шмат хто, паводле слоў Проспэры, мае шанец выжыць толькі дзякуючы падтрымцы Caritas. Менавіта таму настолькі важная рэгулярная дапамога дабрачынным арганізацыям з боку ахвярадаўцаў.
 

14 лістапада 2020, 12:41