Біскупы свету за ядзернае раззбраенне
“Горшая з усіх відаў зброі масавага знішчэння ўжо даўно лічыцца амаральнай. Цяпер яна нарэшце стала незаконнай”, - так біскупы з усяго свету, ад Еўропы да Японіі, ад Філіпін і Святой Зямлі да Паўднёвай Афрыкі, а таксама свецкія і кансэкраваныя асобы прыблізна з 20 краін, віталі ўступленне ў сілу Дамовы, прынятай у 2017 г. Дакумент абвяшчае незаконнасць выкарыстання і захоўвання ядзернай зброі.
Абнадзейвае тое, што “большасць дзяржаў-членаў ААН актыўна падтрымліваюць новую Дамову, а апытанні паказваюць, што грамадскасць выступае за забарону ядзернай зброі”. Занепакоенасць, выказаная прадстаўнікамі Касцёла, у асноўным датычыцца рызыкі выкарыстання ядзернага арсенала, наступствы чаго для чалавецтва і навакольнага асяроддзя могуць быць катастрафічнымі.
Біскупы падкрэсліваюць ролю папы Францішка ў справе ядзернага раззбраення. Ён пастаянна заклікае да адмовы ад зброі масавага знішчэння. Яны ўспамінаюць яго гістарычны візіт у 2019 г. у японскія гарады Хірасіму і Нагасакі. Тады Святы Айцец падкрэсліў, што мір не можа быць пабудаваны на пагрозе поўнага разбурэння, і падтрымаў міжнародныя прававыя дакументы, накіраваныя на ядзернае раззбраенне, уключаючы ўзгаданую вышэй Дамову.
Біскупы аднагалосна заклікаюць да міжнароднага супрацоўніцтва, неабходнага не толькі для супрацьстаяння пагрозе пандэміі, зменам клімату і разрыву паміж багатымі і беднымі, але і шырокай пагрозе ядзернай зброі. Яны заклікаюць усе краіны, у тым ліку тыя, якія валодаюць такой зброяй, падпісаць і ратыфікаваць Дамову.