Хрысціянская спадчына Турцыі пад сур’ёзнай пагрозай
Навукоўцы з стамбульскага Даследчага цэнтра Анатоліі папярэджваюць, што многія аб’екты знаходзяцца ў крытычным стане, іх можна страціць беззваротна. Яны заклікалі пашырыць міжнародныя намаганні па выратаванні спадчыны ў рэгіёне, дзе вучняў Езуса ўпершыню назвалі хрысціянамі.
Навукоўцы адзначылі, што гэта больш, чым выключна рэлігійнае пытанне, гаворка ідзе пра захаванне самабытнасці тэрыторый і іх культуры. Яны заклікалі турэцкія ўлады падтрымаць гэтыя дзеянні.
Пытанне знішчэння хрысціянскіх помнікаў атрымала шырокі рэзананс пасля відэа мясцовых мусульман, якія зладзілі шашлыкі на руінах армянскага храма ў горадзе Гермуш, на паўднёвым усходзе краіны. Пачала з’яўляцца інфармацыя пра іншыя хрысціянскія цэрквы і кляштары, якія знікаюць з ландшафту Турцыі. Мясцовыя жыхары разбіраюць іх на будаўнічыя матэрыялы і выкарыстоўваюць для ўзвядзення дамоў і нават мячэцяў. Многія храмы сталі складамі, стайнямі, крамамі.
Хрысціяне зніклі на гэтых тэрыторыях пасля знішчэння каталіцкіх армян у 1915 г. Сёння юрыдычны статус многіх хрысціянскіх будынкаў нявызначаны. Парафіі не могуць дазволіць сабе рэстаўрацыю будынкаў, тым больш, што колькасць хрысціян у краіне пастаянна скарачаецца, і нават прыток бежанцаў з Ірака не змяніў сітуацыі. Магчыма, адным з рашэнняў праблемы можа стаць прыток турыстаў. Але каб гэта адбылося, у Турцыі павінны існаваць адпаведныя палітычныя ўмовы. Тым часам у апошнія гады назіраецца рост нацыяналістычнага папулізму і падыход да немусульманскіх меншасцей як да замежных сіл, накіраваных на аслабленне турэцкай ідэнтычнасці.