Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Каронавірус правакуе беднасць, няроўнасць і гвалт у Афрыцы

Пашырэнне гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчат, большая беднасць і сацыяльна-эканамічная няроўнасць у сферы аховы здароўя з’яўляюцца сур’ёзнымі наступствамі пандэміі ў Афрыцы.

Аб гэтым Vatican News паінфармаваў кс. Чарльз Чылуф’я, кіраўнік Бюро справядлівасці і экалогіі Афрыканскай і Мадагаскарскай канферэнцыі езуітаў (JCAM). Ён адзначыў, што эканамічныя цяжкасці, выкліканыя антыкавіднымі абмежаваннямі, знізілі даходы многіх людзей ва ўсёй Афрыцы і прывялі да беспрацоўя і голаду. У выніку ўзрастае сексуальны і хатні гвалт, колькасць выпадкаў прымусовых шлюбаў непаўналетніх і сексуальнага рабства.

Адным з наступстваў закрыцця школ з прычыны COVID-19 з'яўляецца таксама павелічэнне выпадкаў цяжарнасці падлеткаў і сексуальнага гвалту на гендарнай глебе. Ахвярамі становяцца ў асноўным маладыя дзяўчаты і жанчыны. Большасць вучняў па сённяшні дзень выключаны з навучальнага працэсу. Адной з прычын гэтага з’яўляецца адсутнасць інтэрнэту.

“Спробы прапанаваць навучанне анлайн накіраваны на вельмі невялікую колькасць навучэнцаў, менш за 10%. Для дзяцей у сельскай мясцовасці гэта практычна немагчыма. У выніку яны проста застаюцца доўгі час дома і на самой справе нічым не займаюцца”, - паведаміў езуіт.

У Афрыцы павялічваецца колькасць выпадкаў каронавіруса. Пакуль няма праграмы вакцынацыі для кантынента. У канцы 2020 г. тут было зарэгістравана 2,7 млн заражэнняў і амаль 65 тыс. смерцяў, што складае 3,5% ад сусветнай статыстыкі. Аднак лічбы могуць быць значна вышэйшымі, паколькі на кантыненце праводзіцца адносна мала тэстаў, і амаль няма дакладных дадзеных з большасці афрыканскіх краін.

“Падчас другой хвалі вірус распаўсюджваецца ў асноўным у густанаселеных раёнах. Асабліва пацярпелі Нігерыя і Кенія, і ў іх адсутнічаюць рэсурсы і інфраструктура для догляду за хворымі з каронавірусам”, - сказаў святар, які з’яўляецца членам Ватыканскай камісіі па COVID-19.

Нагадаем, што раней Францішак перадаў медыцынскае абсталяванне бальніцам у бедных краінах, у тым ліку Замбіі і Малаві, і стварыў фонд для дапамогі людзям і супольнасцям, якія трагічна пацярпелі ад распаўсюджвання COVID-19 у місійных краінах. Нядаўна Папа заклікаў даць магчымасць вакцынацыі супраць каронавіруса ўсім людзям, пазбавіць бедныя краіны запазычанасці і рэалізаваць глабальнае спыненне агню для садзейнічання гуманітарнай дапамозе.
 

04 студзеня 2021, 13:27