Пошук

Наступствы выбуху ў Мадрыдзе Наступствы выбуху ў Мадрыдзе 

Святы Айцец моліцца за ахвяр выбуху ў Мадрыдзе

Святы Айцец выказаў свае спачуванні ў сувязі з трагічным здарэннем у цэнтры Мадрыду, дзе ў выніку выбуху ў адным з касцёльных будынкаў загінулі па меншай меры чатыры чалавека.

У тэлеграме, скіраванай на імя арцыбіскупа Мадрыда, кардынала Карласа Асора Сьеры, Францішак запэўніў іерарха, духавенства і ўвесь народ Іспаніі ў сваёй блізкасці і малітве ў гэты складаны час.

Пантыфік даверыў Божай міласэрнасці ахвяр трагедыі, параненых і іх блізкіх, ад усяго сэрца ўдзяляючы “суцяшаючае апостальскае благаслаўленне, як знак хрысціянскай надзеі ва Уваскрослым Пану”, - гаворыцца ў пасланні за подпісам кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы.

Інцыдэнт у Мадрыдзе адбыўся 20 студзеня 2021 г. Выбухам былі практычна знішчаны два паверхі дома, які належыць Мадрыдскай архідыяцэзіі. У ім пражываюць святары, знаходзіцца дабрачынны цэнтр Caritas і некалькі канферэнц-залаў. Паводле папярэдніх дадзеных, выбух адбыўся падчас рамонту газавага бойлера.
 

21 студзеня 2021, 10:28