Папа пацвердзіў свой намер здзейсніць візіт ва Уругвай
Пра кароткую размову са Святым Айцом, якая адбылася 9 студзеня 2021 г., новапрызначаны дыпламат расказаў у інтэрв’ю Catholic News Service. Па словах Карыкіры, Францішак запэўніў яго ў сваім жаданні і намеры наведаць Рыа-дэ-ла-Плата – у прыватнасці, Уругвай і родную Аргентыну.
Папа прызнаўся, што першапачаткова планаваў здзейсніць візіт у шэраг краін Паўднёвай Амерыкі ў кастрычніку 2017 г., аднак тады аб пераносе падарожжа на больш позні час папрасіў чылійскі бок у сувязі з тым, што ў краіне набліжаліся прэзідэнцкія выбары.
Францішак патлумачыў Гусману Карыкіры, што “цяпер вымушаны чакаць заканчэння пандэміі і ў цэлым спрыяльных умоў”, каб, “калі дазволіць Божы Провід”, ажыццявіць паездку.
Карыкіры добра знаёмы з спецыфікай Святога Пасаду, паколькі доўгія гады быў яго супрацоўнікам. Яшчэ ў 1974 г. Павел VI прызначыў яго членам Папскай рады па справах свецкіх, а ў 1977 г. кіраўніком аднаго з яе аддзелаў. Падчас пантыфікату св. Яна Паўла ІІ уругваец стаў падсакратаром гэтай дыкастэрыі. А ў 2011 г., падчас пантыфікату Бэнэдыкту XVI, – сакратаром Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі – структуры, якая разам з Кангрэгацыяй па справах біскупаў каардынуе ўзаемадзеянне Апостальскай Сталіцы з Касцёлам у рэгіёне.
Францішак, які цесна супрацоўнічаў з Карыкіры яшчэ падчас свайго служэння ў Буэнас-Айрэсе, у 2014 г. прызначыў яго віцэ-старшынёй вышэйузгаданай Камісіі. Ён стаў першым у гісторыі свецкім, які заняў гэту высокую пасаду ў Рымскай курыі.