Ватыканскі дыпламат на месцы землятрусу ў Харватыі
Ватыканскі дыпламат ад імя Святога Айца наведаў тэрыторыі, якія найбольш пацярпелі ад катаклізму. Ён заўважыў, што трагедыя выклікала вялікую хвалю салідарнасці ў краіне. Дапамогу пацярпелым аказваюць каля тысячы валанцёраў, але, у той жа час, Харватыя патрабуе доўгатэрміновай дапамогі. Землятрус нанёс вялікую шкоду рэгіёну, які ўжо пакутаваў ад цяжкога сацыяльна-эканамічнага крызісу, таму існуе пагроза масавай міграцыі, у тым ліку з такіх гарадоў як Пятрына і Сісак.
“Найбольшай праблемай, аднак, з’яўляецца тое, што зямля дрыжыць дагэтуль. Гэта вельмі кепска ўплывае на людзей. Пазбаўляе іх даверу і сее страх. Людзі не ведаюць, ці змогуць тут застацца, ці таксама будуць вымушаны з’язджаць”, - падзяліўся арцыбіскуп Лінгва.
Папскі прадстаўнік прызнаўся, што глыбока ўражаны мясцовай моладдзю, якая здолела самаарганізавацца перад абліччам няшчасця, каб аказваць дапамогу ахвярам землятрусу. Вялікі ўнёс робіць таксама каталіцкая дабрачынная арганізацыя “Caritas”.