Біскупы ЗША супраць так званага Закону аб роўнасці
Аўтары Закона сцвярджаюць, што ён павінен абараніць людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі або парушэннямі гендарнай ідэнтычнасці ад дыскрымінацыі. Але фактычна, навязвае новы і супярэчлівы погляд на розніцу палоў, - падкрэслілі біскупы.
Сумесны ліст у Кангрэс ЗША быў напісаны старшынямі пяці камісій епіскапату ЗША: па рэлігійнай свабодзе, абароне жыцця, сужэнства, каталіцкай адукацыі і нацыянальнай юстыцыі.
Іерархі адзначылі, што павага да годнасці кожнага чалавека з'яўляецца для католікаў галоўным прынцыпам іх веры. Таму Касцёл выступае супраць любой дыскрымінацыі і падтрымлівае ўсе законы, якія паважаюць чалавечую годнасць.
Між тым, як падкрэсліваюць прадстаўнікі епіскапату, узгаданы законапраект дыскрымінуе вернікаў і прычыняе юрыдычную і сацыяльную шкоду амерыканцам. Ён нанясе ўдар па рэлігійным дабрачынным арганізацыям і, такім чынам, па тысячам людзей, якія карыстаюцца іх дапамогай. Прымусіць людзей і арганізацыі прапагандаваць “змену полу”. Дзяўчаты і жанчыны будуць вымушаны спаборнічаць у спорце з біялагічнымі хлопцамі і мужчынамі, якія ідэнтыфікуюць сябе з жанчынамі. Шмат хто не зможа рэалізаваць прафесійныя памкненні проста таму, што застанецца верным сваім перакананням адносна сужэнства і сексуальнасці.
Біскупы нагадалі, што Каталіцкі Касцёл у ЗША служыць мільёнам людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, і з'яўляецца самай буйной няўрадавай дабрачыннай установай. Пры гэтым ён прытрымліваецца той жа канцэпцыі чалавека і яго непарушнай годнасці, што выяўляецца ў яго поглядах на жыццё, сужэнства і сексуальнасць. Па гэтай прычыне ён выступае супраць так званага Закону аб роўнасці.