Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер пра небяспечны для правоў чалавека вірус

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выступіў на 46-м пасяджэнні Савета па правах чалавека ААН. Ён адзначыў, што некаторыя абмежаванні ў мэтах гарантавання санітарнай бяспекі, парушаюць правы чалавека.

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі падкрэсліў, што адной з найбольш сур'ёзных праблем з'яўляецца паглыбленне эрозіі права на рэлігійную свабоду. Ён нагадаў, што закон павінен абараняць не толькі свабоду сумлення, але і публічную дэкларацыю веры, напрыклад, у форме абрадаў і ўрачыстасцей.

У сваім відэазвароце кіраўнік ватыканскага знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што адным з пабочных эфектаў барацьбы з каронавірусам з'яўляецца паслабленне разумення правоў чалавека.

“Каб мець магчымасць рэалізоўваць іх на сапраўднай аснове, мы, як міжнародная супольнасць, павінны нанова адкрыць фундамент правоў чалавека”

, - падкрэсліў іерарх.

“Сапраўднае прасоўванне асноўных правоў чалавека залежыць ад асновы, на якую яны апіраюцца. Любая практыка або сістэма, якая будзе разглядаць правы абстрактна, ізалявана ад раней існуючых і агульначалавечых каштоўнасцей, рызыкуе падарваць іх сэнс існавання. Тады правы чалавека становяцца ўспрымальнымі да пануючых мод і ідэалогій”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Галахер.

Так, на яго думку, адбылося з правам на жыццё. Яго змест быў паступова пашыраны і ўключыў супрацьдзеянне актам катаванняў і смяротнаму пакаранню, а таксама абарону пажылых людзей, мігрантаў, дзяцей і мацярынства. Гэтыя змены з'яўляюцца разумным пашырэннем права на жыццё, паколькі вынікаюць з яго асновы – каштоўнасці, якой з’яўляецца жыццё. Аднак, калі гэты закон быў адарваны ад сваёй асновы, з’явілася рэальная рызыка падарваць каштоўнасць, якую ён прызначаны абараняць. Няўдалым прэцэдэнтам такога роду з'яўляецца Агульны каментарый Камітэта па правах чалавека № 36 адносна права на жыццё. Далёкі ад таго, каб абараніць жыццё чалавека і яго годнасць, ён скажае сэнс жыцця, дазваляе самагубства і аборты.

Арцыбіскуп Галахер звярнуў увагу на тое, што любое абмежаванне ажыццяўлення правоў чалавека ў мэтах аховы здароўя павінна вынікаць са строгай неабходнасці. Такія абмежаванні павінны быць прапарцыйныя сітуацыі, прымяняцца недыскрымінацыйна і толькі тады, калі няма іншых сродкаў.
 

23 лютага 2021, 14:48