Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: права на здаровае харчаванне павінна быць усеагульным

Права на здаровае харчаванне павінна быць усеагульным, гаворыцца ў пасланні Папы да ўдзельнікаў канферэнцыі, арганізаванай Сусветнай харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН (FAO).

Форум прайшоў 12 лютага 2021 г. з нагоды Сусветнага дня зернебабовых. Ён быў устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у снежні 2018 г. з мэтай прыцягнення ўвагі да вырашэння глабальных праблем, звязаных з харчаваннем і захаваннем урадлівасці глебы.

У звароце Папы, скіраваным за подпісам арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, Сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, адзначаецца, што зернебабовыя – гэта “сціплая, але высакародная ежа”, якая мае велізарны патэнцыял для ўмацавання харчовай бяспекі на сусветным узроўні.

Зернебабовыя “не адлюстроўваюць раскошу”, але, адначасова, з’яўляюцца важным элементам рэжыму здаровага харчавання. Гэта простая і пажыўная ежа, пераўзыходзіць геаграфічныя сацыяльныя, культурныя бар’еры. “Сачавіцу, фасолю, гарошак можна сустрэць на сталах многіх сем’яў”, - нагадаў Пантыфік.

Францішак зазначыў, што збор зернебабовых – гэта цяжкая праца, якую часцей за ўсё выконваюць жанчыны. У гэтым кантэксце Папа адзначыў іх фундаментальную ролю ў вытворчасці і размеркаванні прадуктаў харчавання, якія знаходзяць матывацыю і сілу ў любові да бліжняга і сумеснай працы.

Святы Айцец нагадаў, што ў свеце існуе вялікая колькасць людзей, якія не маюць доступу да элементарных харчовых рэсурсаў, здаровай і дастатковай ежы. Сярод іх шмат дзяцей. Голад існуе ў многіх частках свету, а актуальны крызіс толькі пагоршыў сітуацыю.

Па гэтай прычыне неабходна апрацоўваць зямлю, не робячы ёй шкоды, каб мы маглі дзяліцца яе плёнамі, думаючы не толькі пра саміх сябе, але таксама пра пакаленні, якія прыйдуць пасля нас, - дадаў Францішак. Ён падкрэсліў, што здаровае харчаванне павінна быць усеагульным правам, а ў рацыёне людзей зернебабовыя павінны займаць належнае месца.
 

13 лютага 2021, 12:54