Кардынал: без падтрымкі хрысціяне Блізкага Усходу не выжывуць
У інтэрв'ю Vatican News прэфект Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў нагадаў, што блізкаўсходняя дыяспара, якая значна вырасла ва ўсім свеце ў выніку эміграцыі, таксама мае патрэбу ў дапамозе.
Іерарх падкрэсліў, што ў інтарэсах свету, каб Блізкі Усход не застаўся без хрысціян. Іх прысутнасць – незаменны ўклад у пабудову мірнага суіснавання ў рэгіёне на аснове мадэлі братэрства. Паслядоўнікі Хрыста не любяць тэрмін "меншасць". Яны аддаюць перавагу слову “прысутнасць”, якая існуе на гэтых землях з апостальскіх часоў.
“Нават калі колькасць хрысціян у гэтай вобласці заўсёды была сімвалічнай, іх прысутнасць па-ранейшаму з'яўляецца важным сведчаннем”, - падкрэсліў кардынал Сандры. Ён нагадаў, што на працягу многіх гадоў гэтая зямля пакутавала ад крывавых канфліктаў, якія прывялі да беспрэцэдэнтнага зыходу хрысціян.
Самы трагічны прыклад гэтага – Сірыя, дзе вайна ідзе ўжо дзесяць гадоў. “Гэта – адкрытая рана, па-ранейшаму крывавая, і яна не загойваецца з прычыны пасіўнасці многіх, якія, маючы магчымасць змяніць сітуацыю, застаюцца глухімі да крыку болю, пра што неаднаразова нагадваў Францішак”, - звярнуў увагу кардынал. Трагічныя наступствы канфлікту адчуваюць суседнія Ліван і Іарданія, якія прынялі масу бежанцаў.
Прэфект Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў таксама нагадаў, што Ірак, які Святы Айцец мае намер наведаць у бліжэйшы час, па-ранейшаму застаецца небяспечным месцам. Ён падкрэсліў, што вяртанне хрысціян, якія ўцяклі з гэтай краіны ад тэрору ісламістаў, будзе нялёгкім.
Прэфект таксама паведаміў, што яго Кангрэгацыя толькі летась ахвяравала хрысціянам у Іерусаліме, Газе, Сірыі, Ліване, Эфіопіі, Эрытрэі, Іраку і Украіне 700 тыс. долараў для барацьбы з пандэміяй. Між тым, Асамблея ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO) у 2015-2020 гадах прафінансавала 290 розных праектаў падтрымкі на суму 15 млн еўра. У гэтым кантэксце кардынал Сандры падкрэсліў, што хрысціяне ва ўсім свеце павінны зразумець, што без іх канкрэтнай дапамогі браты на Блізкім Усходзе не маюць шанцаў выжыць.