Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: доступ да вакцынацыі – праблема бяспекі

Многія бедныя краіны не маюць доступу да вакцыны супраць каронавіруса не таму, што ім не хапае належных умоў для яе вытворчасці, а таму, што гэтаму перашкаджае патэнтавае заканадаўства.

“Рашэнне заключаецца ў паслабленні гэтых законаў”, - лічыць прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Кардынал Пітэр Тарксан заклікаў міжнародныя органы заняцца гэтым пытаннем.

Іерарх таксама занепакоены якасцю даступных вакцын. Усё больш пацыентаў атрымліваюць прадукты з Кітая, Расіі і Індыі, адносна эфектыўнасці і бяспекі якіх існуюць сумневы. “Каб вырашыць гэтыя праблемы, дастаткова вырабіць вакцыну на месцы, не выкарыстоўваючы дарагіх патэнтаў і не заказваючы прадукты з сумніўных крыніц”, - лічыць ватыканскі прэфект.

“Ёсць шмат краін, якія не маюць доступу да заходніх вакцын, але гарантаванне доступу ўсіх да вакцынацыі – глабальная праблема бяспекі. Гэта ў інтарэсах кожнай краіны, як багатай, так і беднай”

, - падкрэсліў іерарх.

Тарксан прывёў прыклад Афрыкі, дзе ёсць лабараторыі, здольныя вырабіць вакцыну і зрабіць яе даступнай для ўсіх. Але гэта яшчэ не ўсё. Таксама існуюць лекі, якія могуць дапамагчы ў лячэнні віруса. На яго думку, варта праверыць, ці можна іх заказаць і даставіць у краіны, дзе ў бліжэйшы час няма магчымасці правесці вакцынацыю.

Кардынала, які ўзначальвае спецыяльную ватыканскую камісію па COVID-19, таксама непакоіць пытанне ўплыву пандэміі на псіхічнае здароўе чалавека. Як паказвае статыстыка, немагчымасць выйсці на вуліцу, асабліва калі сям'я не мае вялікіх культурных і матэрыяльных рэсурсаў, часта прыводзіць да напружання, агрэсіі, а ў некаторых выпадках і гвалту. Менавіта таму, паведаміў прэфект, дыкастэрыя рыхтуе дакумент, прысвечаны псіхіцы чалавека падчас лакдаўна. Яго мэта – дапамагчы тым, хто душэўна пакутуе ад самаізаляцыі, і тым, хто аб іх клапоціцца.
 

11 лютага 2021, 11:14