Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: блізкасць і салідарнасць з народам М'янмы

Святы Пасад з вялікай увагай і глыбокай занепакоенасцю сочыць за развіццём сітуацыі, якая склалася ў М’янме, падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч. 1 лютага 2021 г. у гэтай краіне адбыўся дзяржаўны пераварот.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у 29-й спецыяльная сесіі Рады па правах чалавека, якая прайшла 12 лютага 2021 г. і была прысвечана сітуацыі з правамі чалавека ў М’янме.

У гэты “далікатны момант”, які перажывае краіна, Святы Пасад жадае яшчэ раз запэўніць у сваёй духоўнай блізкасці, малітве і салідарнасці народ М’янмы, - падкрэсліў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч заахвоціў усіх, хто “надзелены адказнасцю ў краіне, з шчырасцю і адкрытасцю служыць агульнаму дабру, правам чалавека і фундаментальным грамадзянскім правам, спрыяючы сацыяльнай справядлівасці, нацыянальнай стабільнасці, гарманічнаму, дэмакратычнаму і мірнаму суіснаванню”.

Іерарх адзначыў, што важна адмовіцца ад усяго, што перашкаджае дыялогу і павагі да чалавечай годнасці. Ён заклікаў да “мірнага і хуткага зняцця напружанасці”, з упэўненасцю, што толькі “дыялог можа прывесці да доўгачаканага міру”.

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 7 лютага 2021 г. прайшла ў Ватыкане, Францішак запэўніў народ М’янмы ў сваёй духоўнай блізкасці і салідарнасці, а таксама заклікаў да міру, стабільнасці і гарманічнага дэмакратычнага суіснавання. Сустракаючыся з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы, Папа пажадаў таксама, каб як мага хутчэй былі вызвалены палітычныя лідары М’янмы, якія былі арыштаваны падчас перавароту. У прыватнасці за кратамі знаходзіцца Аун Сан Су Чжы, лідар Нацыянальнай лігі за дэмакратыю і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.

13 лютага 2021, 11:13