Францішак у Масуле Францішак у Масуле 

Амерыканскі імам: папскі візіт у Ірак – выклік экстрэмістам

Мінула амаль два тыдні пасля візіту Папы ў Ірак і яго сустрэчы з шыіцкім аяталой Алі Аль-Сістані. Кардынал Вільтан Грэгары, арцыбіскуп Вашынгтону, і імам Саід Кашміры абмеркавалі плён пілігрымкі.

Абодва падкрэслілі, што падарожжа Францішка ў Ірак значна падняло “планку” для рэлігійных лідараў у хрысціянска-мусульманскіх адносінах. “Мы не можам адкінуць такую магчымасць для развіцця братэрства і супрацоўніцтва. Гэта ўзбагаціць досвед абодвух супольнасцей”, - падкрэсліў кардынал Грэгары.

“Ірак – гэта краіна, якая спусташаецца на працягу многіх гадоў праз канфлікты і вайну. Іракцы адчайна шукаюць надзею, якую прынесла ім сустрэча гэтых двух выключных рэлігійных лідараў. Францішак паказаў, што дыялог і братэрства, якія ён абвяшчае, не абмяжоўваюцца толькі словамі. Ён накіраваўся з візітам да аяталы Алі Аль-Сістані, каб стварыць адносіны дыялогу і павагі”, - заўважыў кардынал Грэгары.

“Факт, што гэтыя два рэлігійныя лідары, якім ёсць што страчваць, маглі спаткацца тварам у твар, паказвае, што перамога над страхам перад іншым чалавекам магчымая і патрэбная. Таму іншыя лідары, якія хочуць пераняць гэтую мадэль, могуць цяпер браць прыклад з Папы і імама, якія ўключыліся ў здаровы дыялог і публічна абвяшчаюць аднолькавыя ідэі”, - дадаў амерыканскі іерарх.

Імам Кашміры, у сваю чаргу, ахарактарызаваў папскае падарожжа не толькі як візіт на карысць міру, але таксама як выклік, кінуты тэрарызму. “Важна дапамагчы існаванню іракскіх меншасцей, бо ўсе яны прычыніліся да будавання цывілізацый, прысутных на гэтых землях на працягу тысячагоддзяў і неабходных для захавання тоеснасці народу. Велізарнай пагрозай для гэтай шматвяковай спадчыны з’яўляецца менавіта тэрарызм. Візіт Папы – гэта выклік для экстрэмізму ў Іраку і вялікая надзея для іракцаў на лепшую будучыню, незалежна ад таго, да якой меншасці яны належаць”, - заўважыў імам Кашміры. Ён лічыць, што жэст Пантыфіка і Вярхоўнага аяталы з’яўляецца свайго роду запрашэннем да супрацоўніцтва для ўсіх мусульманскіх лідараў.
 

20 сакавіка 2021, 11:09