Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Байдэн выказаў захапленне папскім падарожжам у Ірак

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн лічыць, што гістарычны візіт Францішка ў Ірак шле важнае пасланне – братэрства мацнейшае за братазабойства, надзея мацнейшая за смерць, мір мацнейшы за вайну.

“Калі мы бачым, як Папа наведвае старажытныя месцы культу, у тым ліку біблейскую радзіму Абрагама, праводзіць час з Вярхоўным аяталой Алі Аль-Сістані ў Наджафе і моліцца ў Масуле, горадзе, які ўсяго некалькі гадоў таму перажыў спусташэнне і нецярпімасць такіх груп, як Ісламская дзяржава, разумеем, што гэта знак надзеі для ўсяго свету”, - сказаў Байдэн неўзабаве пасля вяртання Францішка ў Рым.

Ён падкрэсліў багатую рэлігійную спадчыну Ірака, адзначыўшы, што гэта “краіна з глыбокай рэлігійнай і этнічнай разнастайнасцю”, дзе "пражывае адна з самых старажытных і разнастайных хрысціянскіх супольнасцей у свеце".

Прэзідэнт ЗША павіншаваў улады і народ Ірака з арганізацыяй папскага візіту. Ён таксама выказаў сваё захапленне Пантыфікам і “яго прыхільнасцю да рэлігійнай талерантнасці, міжчалавечых сувязей і міжрэлігійнага паразумення”.

Таксама амерыканскі дзяржсакратар Энтані Блінкэн высока ацаніў візіт Францішка. Ён напісаў у сацыяльных сетках, што “падарожжа дае надзею і дапаможа ўмацаваць рэлігійную гармонію і паразуменне сярод прадстаўнікоў розных рэлігій у Іраку і ва ўсім свеце”.
 

09 сакавіка 2021, 09:21