Іранскія СМІ каментуюць сустрэчу Папы з аяталой Аль-Сістані
Штодзёнка Sazandegi, блізкая да іранскіх рэфарматараў, падкрэслівае, што абодва рэлігійныя лідары сёння з’яўляюцца "носьбітамі міру ва ўсім свеце". Журналісты называюць размову ў доме шыіцкага духоўнага лідара "найбольш эфектыўнай падзеяй у міжрэлігійным дыялогу".
Іншы рэфармісцкі штодзённік Shargh кажа пра "сімвалічную сілу" гэтай сустрэчы, "пра важнасць супрацоўніцтва паміж паслядоўнікамі розных рэлігій".
У сваю чаргу праўладны Iran Daily на першай старонцы заяўляе аб "перамозе шыізму і хрысціянства". Прысутнасць Папы з'яўляецца пацвярджэннем таго, што "хрысціянства ў Іраку жывое", нягледзячы на "пакуты", нанесеныя Ісламскай дзяржавай.
Кансерватыўныя газеты падкрэсліваюць вяртанне бяспекі ў Ірак, што дазволіла адбыцца папскаму візіту, нягледзячы на нядаўнія крывавыя напады.
“Францішак і многія заходнія краіны павінны ведаць, што гэтая свабода шмат у чым абавязана крыві маладога руху супраціву і мудрасці шыіцкіх уладаў", - сцвярджае ультракансерватыўны Resalat. На думку журналістаў выдання, сустрэча Папы з аяталой можа стаць "каштоўнай магчымасцю для міру і змякчэння пакут іракскага народа, у прыватнасці хрысціян, якія пацярпелі ад уварвання Ісламскай дзяржавы".