Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Тарксан: прыярытэтам медыкаў павінны быць найслабейшыя

З нагоды XIV Сусветнага дня рэдкіх захворванняў кардынал Пітэр Тарксан абнародаваў пасланне, у якім заклікаў палітыкаў і ўстановы аховы здароўя не забываць пра самых слабых.

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека заклікаў да шчодра абмену ведамі і міжнароднага супрацоўніцтва.

Сёння налічваецца звыш шасці тысяч рэдкіх захворванняў, большасць з якіх (72%) пачынаюць развівацца яшчэ ў дзяцінстве, а прычына іх крыецца на генетычным узроўні. Амаль усе з іх невылечныя, часам вядуць да інваліднасці і найчасцей патрабуюць дарагога лячэння.

Кардынал заўважыў, што каронавірусная пандэмія абвастрыла шэраг праблем, з якімі штодзённа змагаюцца хворыя, іх сем’і і апекуны: абмяжоўваецца, адцягваецца або перарываецца тэрапія, ускладняецца доступ да дыягнастычных абследаванняў, лекаў і рэабілітацыі.

“Здароўе – гэта супольнае дабро”, - падкрэсліў у пасланні кардынал Тарксан, звяртаючы ўвагу на тое, што нават у забяспечаных грамадствах не ўсе патрабуючыя могуць атрымаць медыцынскую дапамогу. Як патлумачыў іерарх, доступ да яе блакуюць мясцовыя палітыкі і людзі на адказных пасадах.

Прэфект указаў на важнасць распаўсюджвання культуры клопату, якая базуецца на шанаванні годнасці кожнага чалавека, на салідарнасці з беднымі і бяздомнымі.

“Толькі праз гарантаванне справядлівага і паўсюднага доступу да медыцынскай дапамогі асобам, якія найбольш гэтага патрабуюць, мы можам пабудаваць больш гуманнае грамадства, у якім ніхто не будзе адчуваць сябе самотным і пакінутым”, - падкрэсліў кардынал Тарксан.
 

02 сакавіка 2021, 11:14