Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

35-годдзе аварыі на ЧАЭС: атамная катастрофа ў прамовах Папаў

Чарнобыльская трагедыя, 35-я гадавіна якой адзначаецца 26 красавіка 2021 г., не магла не знайсці рэха ў словах і малітвах Папаў на працягу трох апошніх пантыфікатаў.

Аляксандр Панчанка – Ватыкан

Савецкія ўлады недапушчальна доўга хавалі праўду аб маштабах аварыі на ЧАЭС ад свайго насельніцтва і міжнароднай супольнасці. Св. Ян Павел ІІ упершыню выказаўся публічна на гэту тэму праз 11 дзён пасля катастрофы, калі пачала з’яўляцца больш дакладная інфармацыя. Ён папярэдзіў, што атамная энергетыка “можа пагражаць усяму чалавецтву, нягледзячы на нацыянальныя межы”. Сярод усіх Пантыфікаў менавіта гэты Папа найчасцей узгадваў пра чарнобыльскую трагедыю і сустракаўся з людзьмі, якія пацярпелі падчас яе.

Дасягненні чалавека не павінны павярнуцца супраць яго самога

Чарнобыльскую тэму ён закрануў 20 верасня 1986 г., падчас аўдыенцыі для навукоўцаў-фізікаў, якія ўдзельнічалі ў ХХІІІ Міжнародным кангрэсе групы Ampère.

“Пасля Хірасімы атамны страх навіс над чалавецтвам, таксама таму, што кіраўнікі народаў працягвалі нарошчваць свае жудасныя арсеналы. Пасля нядаўняй чарнобыльскай катастрофы мы павінны былі прызнаць, што мірнае выкарыстанне атама звязана з рызыкай сур’ёзных небяспекаў. Ці павінны самыя цудоўныя дасягненні чалавека павярнуцца супраць яго, а яго вынаходніцкі геній ператварыцца ў знішчальную сілу?”, - пытаўся Папа.

Беларускія дзеці ў сэрцы Святога Айца

Св. Ян Павел ІІ пры кожнай нагодзе шчыра вітаў дзяцей з чарнобыльскай зоны, якія прыязджалі на аздараўленне ў Італію, не забываючы ў малітве пра тых, хто такой магчымасці не меў. Падчас агульнай аўдыенцыі, 31 сакавіка 1993 г. у Ватыкане, ён з бацькоўскай цеплынёй звярнуўся да маленькіх пілігрымаў з паўднёвай Беларусі.

“З радасцю вітаю дзяцей з Лунінецкага раёна ў Беларусі, якія пацярпелі ад атамнай радыяцыі з Чарнобыльскай АЭС і былі прыняты ў некаторых парафіях Рыма на перыяд аздараўлення. Дарагія сябры, няхай ваша прабыванне ў Італіі прыдасць бадзёрасці вашаму целу і супакой душы”, - жадаў ён.

У 1995 г. Папа скіраваў слова да беларускіх дзяцей на беларускай мове: “Дарагія беларускія дзеткі! Папа Рымскі вас вітае і ўпрошвае Стварыцеля неба, зямлі, вод, кожнай істоты на зямлі, аб літасці для вас і вашых сем’яў, што жывуць у чарнобыльскай зоне, каб вы выраслі здаровыя. Падзякуйма італьянскім вернікам за іх любоў да вас, беларускія дзеці!”, - казаў Пантыфік.

Салідарнасць дапамагае адчуваць сябе грамадзянамі вялікай сям’і

Св. Ян Павел ІІ высока адзначаў дапамогу, якую краіны, арганізацыі і асобныя людзі аказвалі тым, хто пацярпеў у выніку трагедыі. У 10-ю гадавіну атамнай катастрофы, 21 красавіка 1996 г., ён сказаў:

“На наступны чацвер прыпадае дзясятая гадавіна жудаснай атамнай аварыі на Чарнобыльскай АЭС ва Украіне. У гэту хвіліну я хацеў бы ўзгадаць пра міжнародную салідарнасць, якая зарадзілася тады і трывае дагэтуль, у адносінах да шматлікіх сем’яў, якія пацярпелі, і асабліва да самых малых. Многія каталіцкія структуры ў Італіі, Польшчы і іншых краінах, аказалі гасціннасць і дапамогу гэтым дзецям. Выказваю ім маю шчырую ўдзячнасць”.

Пантыфік асаблівым чынам падкрэсліваў шчодрасць італьянскіх сем’яў, у якіх змаглі адпачыць сотні тысяч беларускіх дзяцей з тэрыторыі, забруджанай радыяцыяй. Пасля малітвы “Анёл Панскі” 19 ліпеня 1998 г. у Ватыкане ён сказаў:

“Мне вельмі прыемна прывітаць чарнобыльскіх дзяцей з Беларусі, якія тут прысутнічаюць, а таксама групы сем’яў, якія ўжо цягам многіх гадоў іх прымаюць, дорачы ім спакойны і аздараўляючы адпачынак. Выказваю маю ўдзячнасць і ахвотна падтрымліваю такія ініцыятывы дзейснай салідарнасці, якія дапамагаюць адчуваць сябе грамадзянамі адзінай вялікай агульнай сям’і”.

Падрыхтаваць будучыню без атамных пагроз

У 2001 г., узгадваючы пра трагічныя наступствы аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, Пантыфік заклікаў падрыхтаваць для будучых пакаленняў “мірную будучыню, пазбаўленую страху і падобных пагрозаў”, а таксама “прасіць Пана аб святле і падтрымцы для тых, хто на розных узроўнях адказвае на лёс чалавецтва”.

Падчас свайго падарожжа ва Украіну ў 2001 г. ён звярнуўся да навукоўцаў, нагадваючы, што “тэхнічны патэнцыял неабходна злучыць з нязменнымі этычнымі каштоўнасцямі, каб была гарантавана належная павага да чалавека і яго неад’емнай годнасці”.

Бэнэдыкт XVI і малітва за адказных за лёс чалавецтва

Бэнэдыкт XVI казаў пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС у яе 20-ю гадавіну. Ён выказаў удзячнасць усім, хто прычыніўся да дапамогі пацярпелым, а таксама заклікаў палітыкаў да з’яднанных дзеянняў.

“Менавіта сёння ўспамінаецца дваццатая гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У сувязі з гэтым, адчуваю абавязак выказаць удзячнасць сем’ям, асацыяцыям, грамадзянскім уладам і хрысціянскім супольнасцям, якія на працягу гэтых гадоў працавалі, каб прымаць і лячыць дарослых і асабліва дзяцей, пацярпеўшых ад наступстваў гэтага трагічнага здарэння. Яшчэ раз узносячы малітву за ахвяр гэтай катастрофы, з такімі далёка ідучымі наступствамі, і за ўсіх, хто носіць на целе яе сляды, просім Пана аб святле для адказных за лёсы чалавецтва, каб у сумесным намаганні паклалі ўсе сілы на службу міру, павазе да патрэбаў чалавека і прыроды”, - казаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 26 красавіка 2006 г.

Падзяка Францішка ліквідатарам

З нагоды 30-й гадавіны катастрофы на ЧАЭС, 20 красавіка 2016 г., Францішак сустрэўся з дэлегацыяй ліквідатараў наступстваў аварыі, якую суправаджаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Вітаю пілігрымаў, якія прыбылі з Украіны і Беларусі ў рамках міжнароднай канферэнцыі з нагоды 30-годдзя трагедыі ў Чарнобылі. Зноў узносячы малітвы за ахвяр гэтай катастрофы, выказваем нашу ўдзячнасць ратаўнікам і прызнанне за ўсе ініцыятывы, пакліканыя аблегчыць пакуты і выправіць прычыненую шкоду”, - казаў тады Святы Айцец.

Падчас свайго візіту ў Японію і сустрэчу з людзьмі, якія пацярпелі падчас аварыі на атамнай электрастанцыі ў Фукусіме, Францішак прызнаўся, што ў яго выклікае хваляванне далейшае выкарыстанне атамнай энергетыкі.

 

26 красавіка 2021, 10:30