Папскі фонд: даклад аб стане рэлігійнай свабоды ў свеце
У 62 краінах правы вернікаў абмяжоўваюцца ў нейкай ступені, у 26 сярод іх – адбываецца сапраўдны пераслед. Акрамя таго, статус “пад назіраннем” атрымалі яшчэ 24 краіны, у якіх былі зарэгістраваны злачынствы на глебе нянавісці да рэлігіі і вандалізм – сюды ўвайшла і Беларусь.
Вінаватымі ў парушэнні рэлігійнай свабоды часцей за ўсё становяцца міжнародныя джыхадысцкія сеткі, якія імкнуцца стварыць міжкантынентальныя халіфаты, а таксама ісламскія тэрарысты, якія ўсё часцей выкарыстоўваюць для арганізацыі нападаў сучасныя лічбавыя тэхналогіі.
Акрамя таго, рэлігійная свабода парушаецца аўтарытарнымі рэжымамі і фундаменталісцкімі групоўкамі. Пра гэта сведчыць развіццё нацыяналістычных і рэлігійных рухаў у азіяцкіх краінах з індуісцкай і будысцкай большасцю. Іх зброяй супраць рэлігійных меншасцей з'яўляецца гвалт над дзяўчатамі і жанчынамі, якіх выкрадаюць, гвалцяць і прымушаюць змяніць веру. Выкарыстоўваюцца рэпрэсіўныя тэхналогіі для кантролю над групамі вернікаў.
3,9 мільярда чалавек пражываюць у 26 краінах, дзе адбываюцца ганенні на рэлігію – гэта крыху больш за палову насельніцтва свету. Дванаццаць з іх знаходзяцца ў Афрыцы.
У Азіі рэлігійны пераслед – гэта галоўны прадукт марксісцкіх дыктатур. Рэлігійная свабода, як і большасць правоў чалавека, адсутнічае ў Паўночнай Карэі і Кітаі.
У М'янме, падкрэсліваецца ў дакладзе, адбылося найгоршае злачынства супраць чалавецтва – генацыд, ахвярамі якога сталі прадстаўнікі мусульманскай меншасці рахінджа. Тут таксама працягваюцца напады на хрысціян і індусаў са штата Качын.
Нарастаючыя этнічныя і рэлігійныя нацыяналістычныя рухі ў Індыі, Пакістане, Непале, Шры-Ланцы і Тайландзе таксама ўяўляюць пагрозу для рэлігійнай свабоды ў Азіі.
У 36 краінах, дзе пражывае 1,24 мільярда чалавек (16% насельніцтва свету), рэлігійная свабода не гарантуецца канстытуцыяй. Гаворка ідзе пра Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Турцыю, Венесуэлу, Катар, Ірак, Сірыю, Бруней, Кувейт, В'етнам і Азербайджан.
У сваю чаргу, краіны Блізкага Усходу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, а таксама былыя азіяцкія рэспублікі Савецкага Саюза і іх суседзі ўвялі законы, накіраваныя на прадухіленне пашырэння рэлігій, якія лічацца замежнымі, у той жа час забараняючы "нетрадыцыйны іслам".