Эксперт: тэхналагічныя гіганты павінны інвеставаць у бяспечны інтэрнэт
Нямецкі езуіт заўважыў, што развіццё новых тэхналогій, асабліва ў інфармацыйнай індустрыі, спарадзіла больш рафінаваныя і небяспечныя формы злоўжыванняў, асабліва ў дачыненні да дзяцей.
Святар адзначыў, што па меры таго, як свет становіцца ўсё больш і больш лічбавым, неабходна ўкараняць больш эфектыўныя меры бяспекі, адпаведныя пагрозам. Ён папярэдзіў, што распаўсюджанасць дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце за апошнія гады значна ўзрасла. Рэзка пашырыла гэты феномен пандэмія COVID-19, падчас якой свет стаў больш залежным ад інтэрнэту.
На думку кс. Цольнэра, сёння неабходна цеснае супрацоўніцтва паміж экспертамі па абароне дзяцей і лідарамі тэхналагічнай галіны. "Вялікія кампаніі абавязаны навучаць дзяцей і бацькоў таму, як прадухіліць віртуальны сексуальны гвалт, які сёння пагражае дзецям больш, чым калі-небудзь раней", - заўважыў ён.
Ватыканскі эксперт заявіў у інтэрв'ю Crux, што за абарону непаўналетніх нясуць адказнасць і рэлігійныя лідары, якія ўсталёўваюць стандарты такой дзейнасці ў сваіх супольнасцях. Па словах езуіта, яны павінны весці шчыры дыялог з ахвярамі для стварэння лепшых працэдур абароны. “У некаторых супольнасцях гэтая тэма па-ранейшаму табуіравана, можна назіраць ваганні ў праблеме злоўжыванняў. Між тым задача каталіцкіх біскупаў і прадстаўнікоў іншых рэлігій заключаецца ў павышэнні дасведчанасці адносна праблемы і неабходнасці казаць пра злоўжыванні”, - падкрэсліў кіраўнік Цэнтра абароны дзяцей пры Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме.
Кс. Цольнэр адзначыў, што стварэнне эфектыўных працэдур барацьбы са злоўжываннямі пачынаецца з заслухоўвання ахвяр. Ён падкрэсліў, што кожны чалавек, які падвяргаўся сексуальным гвалту, мае свой шлях да вылячэння і пачуцця справядлівасці. "Рэлігійныя лідары павінны аказваць такім людзям падтрымку ў адпаведнасці з іх патрэбамі і чаканнямі", - перакананы нямецкі езуіт.